Пачатак Айчыннай вайны ў Берасці. Праз напластаванні міфаў да праўды

video

Рэканструяванне апошняга мірнага дня перад нападам гітлераўскае Нямеччыны на Савецкі Саюз берасцейскія ўлады зрабілі штогадоваю традыцыяй. Між тым – пакуль вуліцамі сённяшняга Берасця шпацыруюць «нкусаўцы» ды ездзіць вайсковая тэхніка з духавым аркестрам – праўда пра падзеі 75-цігадовае даўніны ў горадзе над Бугам, як заўжды, апынулася на ўзбочыне.

А менавіта – у межах міжнароднае ваенна-гістарычнае канферэнцыі «Берасце, 1941-шы: Пошук, ісціна, памяць», удзел у якой узялі даследнікі з Беларусі, Расеі, Нямеччыны. Улады ж запрашэнне навукоўцаў папросту праігнаравалі.

«Ёсць людзі, якія, аднойчы прачытаўшы класічную версію, магчыма, не хочуць расчароўвацца – магчыма, з ідэалагічных меркаванняў вераць у гэта і не хочуць чуць нейкія аргументы, якія прадстаўляюцца праўдзівыя», – тлумачыць гісторык Андрэй Далгоўскі.

vaina2Між тым розніца паміж рэчаіснасцю ды афіцыйнаю версіяй, як савецкаю, гэтак і цяперашняю, паводле расейскага даследніка Расціслава Аліева, можа сягаць нават 80 %.

«Савецкія гісторыкі, якія займаліся гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны, канешне ж, былі не гісторыкамі. Гэта былі стваральнікі тых ці іншых міфаў – дзеля ўзняцця баявога духу савецкага народа і тлумачэння таго, што ж адбылося», – мяркуе Расціслаў Аліеў.

А таксама дзеля прыхавання ганебных фактаў папярэдніх Вялікай Айчыннай вайне гадоў, калі СССР, па сутнасці, выступаў хаўруснікам гітлераўскае Нямеччыны, заўважаюць удзельнікі канферэнцыі. Менавіта таму замест адначасовага нападу на Польшчу ў 1939-ым, якую, дарэчы, баранілі і беларусы, пакту Молатава-Рыбэнтропа ды супольнага параду ў Берасці савецкая прапаганда ўсю ўвагу скіроўвала менавіта на пазнейшы перыяд Другое сусветнае вайны і гераізацыю змагання з гітлераўцамі.

«Калі падлічыць мемуарныя крыніцы, найперш мемуарныя, савецкай эпохі па памежных бітвах, баях, скажам, на ўчастку 162 км 17-га Чырвоназнамённага памежнага атраду, атрымліваецца знішчаная няпоўная нямецкая дывізія! Ну гэта ж абсурд! Не было гэткіх стратаў!», – упэўнены гісторык Аляксандр Сувораў.

Навошта ж старыя міфы падтрымліваць на афіцыйным узроўні і сёння? Пакуль жа пытанне застаецца без адказу, на вуліцах Берасця ўсцяж грукоча вайсковая тэхніка, ходзяць «нкусаўцы» і грыміць духавы аркестр, старанна заглушаючы кволыя, але няўмольныя парасткі гістарычнае праўды.

Валер Руселік. «Белсат», фота – sergey-larenkov.livejournal.com

Падабаецца даведвацца пра мінуўшчыну? Глядзі лепшую ў свеце праграму пра гісторыю Беларусі!

zagadki

Глядзі таксама
Каментары