Паабяцалі дапамагчы і ўмылі рукі: Як Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат падмануў свайго рабочага


Зламаўшы нагу пры пагрузцы кардону, грузчык паддаўся на абяцанкі кіраўніцтва і напісаў заяву пра адгул у гэты дзень. Цяпер ужо былы грузчык не мае ні абяцанага, ні працы. А мае групу інваліднасці і стос скаргаў з адмоўнымі вынікамі.

Два з паловаю гады спрабуе дабіцца справядлівасці ад былога працадаўцы Віктар Манкевіч са Светлагорску. 17 гадоў ён адпрацаваў на Светлагорскім цэлюлозна-кардонным камбінаце, пакуль у траўні 2013-га не атрымаў вытворчую траўму.

ВІКТАР МАНКЕВІЧ, БЫЛЫ ГРУЗЧЫК НА СВЕТЛАГОРСКІМ ЦКК:

«На працоўным месцы ўпаў, зламаў нагу».

Ужо ў машыне хуткай дапамогі майстар угаворваў спадара Манкевіча сказаць, што гэта побытавая траўма, а не вытворчая. У шпіталь прыязджалі іншыя службовыя асобы з прадпрыемства і таксама прасілі напісаць заяву на адгул на гэты дзень.

ВІКТАР МАНКЕВІЧ, БЫЛЫ ГРУЗЧЫК НА СВЕТЛАГОРСКІМ ЦКК:

«Абяцалі, што ў бядзе не пакінуць, будуць дапамагаць матэрыяльна, фізічна, дапамогуць з лекаванне. І абяцалі, што ў выпадку пагаршэння здароўя ці атрымання інваліднасці мая траўма будзе ўзноўлена па факце працоўнай».

Траўма нагі аказалася сурёзнай, Віктару Манкевічу далі другую групу інваліднасці. Адразу пасля гэтага грузчыка звольнілі з прадпрыемства. З усяго абяцанага ў якасці матэрыяльнай дапамогі ён атрымаў толькі 900 тысячаў рублёў і паклейку шпалераў у кватэры.

СТАНІСЛАВА МАНКЕВІЧ, МАЦІ ВІКТАРА:

«Ён выпісаўся, другая група, на мыліцах, і звольнілі з працы і нават забыліся пра ягонае існаванне».

Звароты ў інспекцыі аб працы, райвыканкам, раённую, абласную ды Генеральную пракуратуру, адміністрацыю прэзідэнта, вынікаў не далі. Міліцыя адмовілася заводзіць крымінальную справу, бо не знайшлося неабходных для гэтага двух сведак, якія б пацвердзілі прысутнасць Віктара Манкевіча ў той дзень на працы.

ВІКТАР МАНКЕВІЧ, БЫЛЫ ГРУЗЧЫК НА СВЕТЛАГОРСКІМ ЦКК:

«Усе сведкі, што былі адмаўляюцца – ніхто нічога не бачыў і не ведае. Усе баяцца звальнення з працы, калі хтосьці дасць на маю карысць паказанні».

Праваабаронцы адзначаюць, што сітуацыя былога працаўніка Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбінату вельмі тыповая, і раяць не спяшацца пагаджацца на прапановы прыхаваць вытворчую траўму.

ЛЕАНІД СУДАЛЕНКА, ПРАВААБАРОНЦА:

«Няшчасны выпадак – не пішыце са шпіталя ніякіх тлумачальных запісак. Гэта не ваш абавязак тут жа пісаць. Правая рука пад кропельніцай, а вы гэтай жа рукой спрабуеце напісаць тлумачальную. Не трэба спяшацца».

Наступствы траўмы могуць праявіцца не адразу, і толькі ацаніўшы рэальную шкоду, нанесеную здароўю, можна прымаць рашэнне. Бо напісаць заяву заднім чыслом на адгул нескладана. Значна цяжэй гэтае здароўе вярнуць ці хоць бы атрымаць годную кампенсацыю ад працадаўцаў, найчасцей у такіх выпадках – былых працадаўцаў.

ІД, «Белсат»

Стужка навінаў