Па Віцебску ў завею ездзяць на запрэжаных санях (Фотафакт)

photo

Па віцебскіх вуліцах ездзіць конь, запрэжаны ў сані! За тры гадзіны серыя фотаздымкаў з санямі і канём назбірала каля тысячы падабаек у суполцы «Гэта Віцебск, дзетка!» ў сацыяльнай сетцы «УКантакце».

Карыстальнікі жартуюць, што ў горадзе з’явілася новае таксі. Сапраўды, у сітуацыі, калі транспарт храсне ў снезе, больш надзейна скарыстацца дзедаўскім спосабам. Яшчэ адзін вынаходца на праспекце Чарняхоўскага ў Віцебску для хуткага перасоўвання выкарыстоўвае лыжы.

Аўтамабілісты ж вынайшлі для сябе новую дарогу: ездзяць па трамвайных пуцях. Жыхары Віцебску актыўна абмяркоўваюць сітуацыю ў горадзе. Алеся, вокны дому якой выходзяць на краму напісала: «Калі выглядаю ў акно, там заўжды заторы з машын, асабліва з грузавых, з прадуктамі. Аднак неабыякавыя людзі з суседняга дому выходзяць з рыдлёўкамі і дапамагаюць».

У горадзе снежны калапс, камунальнікі не падрыхтаваныя да такога надвор’я, таму некаторыя раёны Віцебску засталіся ўвогуле неачышчанымі ад снегу. Хрысціна Мандрык піша ва «УКантакце», што некаторым жыхарам давялося наймаць расчышчальную тэхніку за свае грошы, бо ЖЭСаўскіх трактароў гэтак і не дачакаліся.

Але нават пры аранжавым узроўні небяспекі віцябляне жартуюць, маўляў, хацелі снегу – атрымайце снег!

ЯБ, belsat.eu. Фота з суполкі «Гэта Віцебск, дзетка!» ва «УКантакце»

.

Глядзі таксама
Каментары