Аляксандр Гелагаеў «Па пладах пазнаеце іх». Ад сексуальнай рэвалюцыі да спробы згвалтавання

гісторык, вайсковы аглядальнік

Маскоўскі таксіст проста захацеў, каб спявачка Вольга Жукава занялася з ім сексам. Калі беларуска адмовіла, ён пачаў яе збіваць нагамі і зламаў нос. Наша суайчынніца знайшла сілы абараніць уласны гонар, аднак якія змены ў масавай культуры могуць стаяць за гэтым здарэннем?

Просты сцэнар

Відавочна, гвалтаўніку ўяўлялася, што пасля нядоўгага флірту прыгожая жанчына ніяк не зможа ўстаяць перад чарамі валадара баранкі і аддасць яму сваё цела для хуткага выкарыстання. Мары не збыліся, але яны, відавочна, мелі месца.

Фота colors.by

І больш за тое, гвалтаўнік лічыў, што мае на гэта поўнае права – таму так і раззлаваўся на тое, што беларуска не паддалася яму. Як так – ён жа 1000 разоў бачыў, што сцэнар падзеяў павінен быць зусім іншым!

Дзе ён гэта бачыў? Ды ў інтэрнэце. Порнасайты ўтрымліваюць сотні і тысячы ролікаў менавіта такога зместу – у таксі сядае дзяўчына, а таксіст хутка пераконвае яе заняцца з ім сексам. Сюжэт стандартны, усё аднолькавае, нічога арыгінальнага. Мяняюцца толькі «акторы».

Ідэалогія згвалтаванняў

Прычым тут сексуальная рэвалюцыя, спытае чытач? Яна ж проста разняволіла нас, вырвала з-за кратаў, якія былі пабудаваныя крывавай Інквізіцыяй у цёмным Сярэднявеччы!

Не будзем зараз казаць, што рабіла, а чаго не рабіла Інквізіцыя. Працытуем англамоўную Вікіпедыю, якая перадае абсалютна мэйнстрымныя заходнія погляды на гэтую з’яву:

«Сексуальная рэвалюцыя, таксама вядомая як »сексуальнае вызваленне«, была сацыяльным рухам, які кінуў выклік традыцыйным прынцыпам паводзінаў у сферы сексуальнасці і міжасабовых адносінаў у ЗША і свеце ў 1960х-1980х гадах. Сексуальнае вызваленне ўключала прыняццё сексу па-за традыцыйнымі гетэрасексуальнымі манагамнымі адносінамі (перш за ўсё – шлюбам). За гэтым паследавалі нармалізацыя кантрацэпцыі, публічнай аголенасці, парнаграфіі, гомасексуальнасці і альтэрнатыўных форм сексуальнасці, легалізацыя абортаў».

Фота Flickr/ Andrea Waldrop

Вось вам і ўвесь набор ідэалагічных падставаў сексуальных заляцанняў таксіста-масквіча да выпадковай жанчыны – секс стаў трывіяльнай справай, ім можна заняцца з абсалютна выпадковым чалавекам. Шлюб не патрэбны. Больш за тое, цяпер можна не несці ніякай адказнасці за наступствы – кантрацэпцыя і аборт вырашаць за мача ўсе праблемы. А парнаграфія дае мадэль паводзінаў.

Рабіновічу пара зʼехаць

Быў такі расейскі анекдот часоў перабудовы:

– Рабіновіч, чаму вы хочаце зʼехаць у Ізраіль?
– Мяне не задавальняе вашае стаўленне да гомасексуалізма.
– А якія праблемы? Быццам бы ўсё дазволена зараз.
– Паслухайце! Пры царах за гэта вешалі, пры камуністах можна было сесці ў турму, цяпер гэта стала нормай. Я хачу зʼехаць, пакуль гэта не стала абавязковым.

І сапраўды сучасная масавая культура стварыла сапраўдны культ з сексу. Секс амаль стаў паказнікам паўнавартаснасці чалавека. «Захоўваеш чыстасць да шлюбу? – Ты што, хворы/ая?»

Фота wikimedia.org

Таму, канешне, гарачы валадар баранкі быў узрушаны адмовай – ён жа не прапанаваў нічога ненармальнага з пункту гледжання масавай культуры, у якой ён вырас. Жанчына, на ягоны погляд, натуральным чынам можа «даваць» усім – у парнаграфіі менавіта так гэта і адбываецца. А калі жанчына можа – то чаму не дае? Атрымліваецца, што адмова менавіта яму – гэта асабістая абраза. І ў ход пайшлі кулакі…

Дарэчы, цалкам можа быць, што гэтаму «мача» ужо ня раз шанцавала з пакорнымі ахвярамі, якія і сапраўды вырашалі, што «прасцей даць, чым адмовіць». Тым больш «пакрыўдзіла» яго такая сексуальна прыцягальная беларуская спявачка.

Аўтар перабольшвае і прыцягвае за вушы?

Кантэнт-аналіз 50 самых папулярных порнастужак паказаў, што 88% сцэнаў у іх утрымліваюць фізічны гвалт, 49% – вербальныя абразы. Пры гэтым у гэтых фільмах ахвяра ў 95% выпадкаў рэагуе на гвалт і абразы пазітыўна ці нейтральна, гаворыцца ў даследаванні, якое было праведзена ў 2010 годзе спецыялістамі з універсітэтаў Арканзасу, Нью-Ёрку, Масачусетсу.

Вынікі? Больш чым чатыры з дзесяці дзяўчын-падлеткаў у школах Ангельшчыны 13-17 год падвяргаюцца прымусу да непажаданых сексуальных кантактаў, сведчыць даследаванне, якое правялі Універсітэт Брысталя і Універсітэт Цэнтральнага Ланкашыра.

Цэнтр гораду Ротэрхэм. Банда пакістанскіх таксістаў прыкладна за 10 год згвалтавала ў горадзе прыкладна 1 400 брытанскіх дзяўчын-падлеткаў

Пачытаем аўстраліўскага псіхолага Лаўру МакНэлі: «Існуюць шматлікія доказы таго, што сённяшнія хлопцы большыя сексісты, чым іхныя дзядулі, асабліва ў сферы сексуальных чаканняў… Аўстралійскія органы правапарадку доўгі час адзначалі сувязь паміж парнаграфіяй і сексуальным гвалтам, хоць гэтую сувязь адмаўляюць тыя, хто лічыць парнаграфію сродкам сексуальнага разняволення».

Дзеці могуць зараз атрымліваць доступ да парнаграфіі ўжо да 10 год, а хлопцы паміж 12 і 17 гадамі робяцца самай масавай групай спажывальнікаў парнаграфічнай прадукцыі, піша МакНэлі. Пры гэтым трывіялізацыя сексу і парнаграфіі, прыніжэння жанчын, прыводзіць да таго, што і дзяўчыны пачынаюць прыймаць адпаведныя ролі. Такім чынам у будучым, калі гэтае пакаленне падрасце, сітуацыя толькі пагоршыцца, лічыць спецыяліст.

Розныя ўрокі – розныя вынікі

Што за ролевыя мадэлі прапаноўвалі ў гэтай сферы ксяндзы і папы-«цемрашалы» тым самым брытанскім, аўстралійскім і амерыканскім дзядулям, якія 50 год таму былі меншымі сексістамі, чым сённяшнія «прагрэсіўныя» падлеткі? Пра каго распавядалі бабулям?

Ідэалізаванае рыцарскае стаўленне да жанчыны, мужчына-абаронца – з аднаго боку, з іншага – жанчына-маці, жанчына-святая. Сярод апошніх была не толькі Багародзіца, але і шматлікія жанчыны, якія пайшлі на смерць і катаванні, абараняючы свой жаночы гонар. Гэта, напрыклад, святая Агата (Агафʼя), святая Агнеса (Агнія), святая Люцыя (Лукія) Сіракузская, калі пералічваць толькі малую частку тых, каго шануюць у Беларусі і католікі, і праваслаўныя.

Выява каталіцкай святой Жаны дʼАрк пачатку 20 стагоддзя. Крыніца – wikipedia.org

Такім чынам культура «цемрашалаў-прыгнятальнікаў» у цэрквах і касцёлах вучыла мужчын паважаць жанчын, літаральна маліцца тым з іх, хто бараніў сваю чыстасць, паважаць гэты жаночы выбар. Плён працы секс-рэвалюцыянераў, якія ў значнай ступені вызначаюць сучасную масавую культуру – відэа-урокі прыніжэння і гвалту. Вольга Жукава – не першая і не апошняя беларуская ахвяра гэтага «прагрэсіўнага» выхавання.

Пытанне ў тым, якую з гэтых культур мы возьмем у тую цудоўную Беларусь будучыні, якую плануем пабудаваць.

*меркаванне аўтара адлюстроўвае яго асабістую думку і можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Глядзі таксама
Каментары