Па факце нападу на сястру Васіля Быкава распачалі крымінальную справу


Слечы камітэт распачаў справу за прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў Валянціне Быкавай.

Пра гэта паведамілі ва ўпраўленні Следчага камітэту па Віцебскай вобласці.

Адпрацоўцваюцца розныя версіі здарэння, правяраюцца асобы, якія маглі быць датычныя да злачынства.

На дадзены момант 89-гадовая жанчына знаходзіцца ва Ушацкім раённым шпіталі, яна ў прытомнасці.

Напад на Валянціну Быкаву быў здзейснены ў пятніцу 27 траўня. З ейнай хаты ў вёсцы Ваўчо Ушацкага раёну нічога не знікла, сама ж жанчына ў выніку нападу аказалася ў рэанімацыі.

Пра здарэнне ў сваім Facebook паведаміў журналіст Глеб Лабадзенка.

«Патэлефанавала яе суседка, распавяла жах, у які цяжка паверыць. Учора зранку Валянціна Уладзіміраўна пачула нейкі шум у бакоўцы, выйшла паглядзець, у гэты момант атрымала моцны ўдар. Стала крычаць, нападнік стаў заціскаць ёй рот. У выніку зламаў некалькі рабрынаў і руку. Яна здолела выклікаць хуткую», – напісаў пра здарэнне Глеб Лабадзенка.

НМ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў