Абноўлена. Актывісты з Полацку ехалі аўтам на сённяшнюю акцыю ў Менск, але ўжо на выездзе з роднага гораду іх спынілі міліцыянты.
Актывіст прадпрымальніцкага руху з Полацку Валер Шостак разам з чатырма таварышамі (сярод якіх Генадзь Бердзянёў, пра якога мы пісалі раней) збіраўся трапіць на Марш нязгодных з дармаедскім дэкрэтам, але дзеянні міліцыянтаў перашкодзілі даехаць да сталіцы.
«На выездзе з гораду спынілі аўта, было шмат маёраў, капітанаў, а ў мяне даведкі, страхоўкі – усё ёсць. Міліцыянт нібы пачаў спраўджваць нумар на раме – сагнуўся на калене, нешта паглядзеў, нават не бачыў гэты нумар і не параўноўваў яго з тым, што ў тэхаглядзе», – распавядае Валер Шостак.
На ягоную думку, праваахоўнікі ў любым выпадку знайшлі б нейкую зачэпку. Валер Шостак кажа, што на сваім аўце некалькі разоў у месяц ездзіць у Польшчы ды Латвію, і на мяжы да транспартнага сродку ніколі няма пытанняў.
Цяпер аўта арыштаванае, а актывісты, якіх адвозілі ў РАУС, згубілі час ды пазбавіліся магчымасці трапіць на акцыю.
«Я папрасіў копію пратаколу аб затрыманні, а мне сказалі, што нас не затрымлівалі.
Я пытаюся:
«Дык а што – я па сваім жаданні да вас сюды прыехаў?» Далі з дакументаў акт агляду аўта і акт з месца здарэння – там разабраць нічога немагчыма, трэба экспертызу праводзіць. Я адмаўляўся гэта падпісваць», – дадае Валер Шостак.
Генадзь Бердзянёў ехаў з Полацку ў Менск на пратэст супраць дармаедскага падатку, які распачнецца сёння а 18:00 на Кастрычніцкай плошчы.
«Інспектары ДАІ затрымалі аўтамабіль, сказалі, нумары незразумелыя, амаль што аўта ў згоне, трэба праверыць. 10 гадоў нармальна было, а сёння вось што. Якія экстрасэнсорныя магчымасці трэба мець», – распавёў у каментары «Белсату» Генадзь Бердзянёў.
Цяпер актывіст разам з двума іншымі пасажырамі і кіроўцам застаюцца ў аддзеле ГУУС. На ўсіх складаюцца пратаколы.
Генадзь Бердзянёў адзначае, што гэта яшчэ не канец прыгодаў – чакаюць эксперта.
«Думаю, ён прыйдзе недзе а 17:00, каб мы не паспелі ў Менску», – дадаў ён.
ДР, НМ, belsat.eu