П'яных футбалістаў, якія ў Маскве збілі беларуса, будуць судзіць


Збіты расейскім футбалістамі ў Маскве беларус Віталь Салаўчук пачуваецца добра, яго жыццю нічога не пагражае, паведамляе амбасада Беларусі ў Расеі.

Супрацоўнікі беларускай амбасады паведамляюць у твіттары, што трымаюць сувязь з лекарамі Боткінскага шпіталя, дзе цяпер знаходзіцца на лячэнні грамадзянін Беларусі. Салаўчук працуе ў Расеі і з’яўляецца кіроўцам журналісткі «Першага каналу» Вольгі Ушаковай.

Віталя Салаўчука, які чакаў журналістку, жорстка збілі футбалісты Аляксандр Какорын (выступае за «Зеніт») і Павел Мамаеў (гуляе за «Краснадар»). Інцыдэнт адбыўся 8 кастрычніка. У пэўны момант кіроўца пачуў, як нешта ўдарылася ў яго машыну. Калі Салаўчук выйшаў з аўто, на яго накінуліся пяцёра нападнікаў, якія без падставаў пачалі яго збіваць. У выніку ў пацярпелага чэрапна-мазгавая траўма, пералом касцей носа, шматлікія гематомы, вялікая страта крыві.

Акрамя збіцця беларуса, Какорын і Мамаеў напалі і на чыноўнікаў: дырэктара Дэпартаменту аўтамабільнай прамысловасці і чыгуначнага машынабудавання Мінпрамгандлю Дзяніса Пака і генеральнага дырэктара цэнтральнага навукова-даследчага аўтамабільнага і аўтаматорнага інстытуту Сяргея Гайсіна.

ВІДЭА
У Маскве п’яныя футбалісты збілі чыноўніка. Перад гэтым ад іх пацярпеў беларус
2018.10.09 12:10

Па словах відавочцаў, Какорын і Мамаеў паводзілі сябе неадэкватна і збеглі да прыезду паліцыі.

Па факце бойкі ўзбуджана крымінальная справа. Апрача таго футбольны клуб «Краснадар» заявіў, што пасля інцыдэнту мае намер разарваць кантракт з Мамаевым.

СК, belsat.eu

Стужка навінаў