Пʼяны трактарыст напаў на чужую іншамарку з вадасцёкаваю трубою


Зайздрасць альбо зашмат праміле ў крыві змусілі 25-гадовага працаўніка аднаго з гарадзенскіх калгасаў сапсаваць аўтамабіль.

Інцыдэнт здарыўся ў адным з раёнаў Горадні. Хлопец зайшоў у двор дому на вуліцы Савецкіх пагранічнікаў і пабачыў аўтамабіль маркі «Форд», а побач вадасцёкавую трубу. Неяк гэтыя рэчы ў галаве мужчыны спалучыліся. Нядоўга думаючы, ён схапіўся за жалезку і збіў трубою аўтамабіль, пашкодзіўшы пры гэтым дах і ветравое шкло.

Мужчыну па гарачых слядах затрымалі амапаўцы. Паводле праваахоўнікаў, ён «быў моцна пʼяны і спрабаваў нешта сказаць, але выразна гэтага зрабіць не змог». За псаванне чужое маёмасці вандалу пагражае тэрмін паводле артыкулу «хуліганства».

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў