П'яны кіроўца ў Нідэрландах перавозіў на даху Renault Twingo два скрадзеныя ліхтарныя слупы


Паліцыя Нідэрландаў затрымала кіроўцу, які перавозіў два вялізныя ліхтарныя слупы на даху Renault Twingo. Мужчына апынуўся пʼяным, а за нейкі час да перавозкі слупоў зʼехаў з аўтазапраўкі, не заплаціўшы за паліва.

Аўтамабіль Renault Twingo па даўжыні займае каля 3,5 метраў і лічыцца маленькім сярод легкавых аўтамабіляў. Асабліва ў параўнанні з ліхтарнымі слупамі, што намагаўся перавозіць на даху машыны яе ўласнік.

3 жніўня каля 10-й гадзіны раніцы нідэрландская паліцыя затрымала незвычайная грузаперавозчыка. Мужчына быў відавочна пʼяным, але адмовіўся праходзіць тэст на алкаголь, як паведаміла нідэрландская паліцыя на сваёй старонцы ў Facebook. Дагэтуль ён знаходзіцца пад арыштам.

Па папярэдніх дадзеных следства, слупы былі скрадзеныя ў гарадку Альмер. Зараз вядзецца следства, якім чынам гэта сталася магчымым, і куды мужчына іх вёз. Падчас арышту высветлілася таксама, што пасведчанне кіроўцы Twingo скончылася ў 2016 годзе, аўтамабіль не меў страхоўкі, і знаходзіўся ў пошуку, бо за нейкі час да затрымання зʼехаў з аўтазапраўкі, не заплаціўшы за паліва.

ВЧ, belsat.eu

Стужка навінаў