Пʼяны кіроўца спрабаваў з’есці пратакол ДАІ


Аўта парушальніка

Курʼёзны выпадак з удзелам супрацоўнікаў ДАІ адбыўся побач з Вяслярным каналам у Берасці.

Пра інцыдэнт паведамляе Дзяржаўтаінспекцыя Берасцейскай вобласці.

Увечары 19 студзеня інспектары ДАІ спрабавалі спыніць аўта з двума мужчынамі, якія незадоўга да таго акуналіся ў палонцы з нагоды Вадохрышча. Аднак 42-гадовы кіроўца, які прыехаў у абласны цэнтр з Іванаўскага раёну, павялічыў хуткасць. Пагоня цягнулася некалькі кіламетраў, пасля чаго ў берасцейскім мікрараёне Зарэчны кіроўца і пасажыр, пакінулі салон, і кінуліся ўцякаць у розныя бакі. Супрацоўнікі ДАІ іх дагналі.

Дарожныя інспектары сцвярджаюць, што мужчыны аказалі супраціў, з-за чаго прыйшлося ўжываць фізічную сілу і спецсродкі.

Выявілася, што кіроўца быў пʼяны (2,5 праміле). Двойчы яго ўжо пазбаўлялі пасведчання кіроўцы.

Падчас складання пратаколу мужчына схапіў дакумент і пачаў яго есці.

У адказ на што супрацоўнікі ДАІ пасля афармлення парушэння правілаў дарожнага руху даставілі парушальніка ў гарадскі аддзел міліцыі для далейшага разбіральніцтва. Увогуле за вечар на яго склалі тры адміністрацыйных пратаколы: адсутнасць пасведчання кіроўцы, неаднаразовае невыкананне патрабаванняў аб спыненні транспартнага сродку, а таксама кіраванне аўтам пад уздзеяннем алкаголю. Цяпер жыхару Іванаўскага раёну пагражае і крымінальная адказнасць.

Чытайце таксама:

НМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары