Пʼяны кіроўца паспрабаваў даць супрацоўніку ДАІ хабар, але той не ўзяў


Інцыдэнт здарыўся ў Жыткавіцкім раёне 24 красавіка. Супрацоўнікі ДАІ заўважылі грузавік, які ехаў, віляючы з боку ў бок.

Аўтамабіль затрымалі, а кіроўцу прапанавалі прайсці медычны агляд, ад чаго 49-гадовы жыхар Берасцейскай вобласці адмовіўся. Каб пазбегнуць адміністрацыйнага пратаколу, мужчына прапанаваў праваахоўнікам хабар у два мільёны.

У службовым аўтамабілі вёўся відэазапіс. Супрацоўнік ДАІ папярэдзіў пра гэта пʼянага кіроўцу, дадаўшы, што хабар караецца крымінальна. Аднак мужчына без ваганняў адлічыў грошы і паклаў на панэль.

Мужчыну затрымалі, супраць яго распачатая крымінальная справа за спробу дачы хабару. Парушальніку пагражае да 5 гадоў турмы.

ДР, belsat.eu паводле gp.by

Стужка навінаў