П'яны «бяспраўнік» пагуляў у «Формулу-1» з ДАІ – урэзаўся ў святлафор


У ноч на 22 ліпеня віцебскі патруль ДПС затрымаў 18-гадоага хлопца. У стане моцнага алкагольнага апʼянення ён сеў за стырно аўтамабіля.

Працаўнікі ДАІ заўважылі на адной з мясцовых АЗС аўтамабіль, які «здзяйсняў дзіўныя манеўры», паведамляе uvd.vitebsk.gov.by.

На патрабаванні спыніць машыну кіроўца не адрэагаваў – паспрабаваў уцячы. Не атрымалася. На павароце аўто парушальніка занесла і яна перакулілася, урэзаўшыся ў святлафор.

Але на гэтым пагоня не спынілася. Малады чалавек вылез з машыны, убачыўшы ДАІшнікаў падняў рукі, але праз момант вырашыў збегчы з месца ДТЗ. Хлопца злавілі і склалі на яго 4 адміністрацыйныя пратаколы. На аўта накладзены арышт. У салоне аўтамабіля знаходзілася няпоўнагадовая пасажырка. Ніхто не пацярпеў.

За кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага апʼянення хлопцу пагражае крымінальная адказнасць (паўторнае правапарушэнне цягам года).

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў