Оўбама ўсё ж такі наведае Хірасіму


Оўбама стане першым дзейным прэзідэнтам ЗША, які наведае Хірасіму.

Раней Японія зняпраўджвала інфармацыю пра гэты візіт.

Сёння прэсавая служба Белага дому паведаміла, што Оўбама наведае Хірасіму падчас сваёй паездкі ў Японію напрыканцы гэтага месяца.

6 і 9 жніўня 1945 года, на завяршальным этапе Другой сусветнай, амерыканскія бамбавальнікі скінулі на гарады Хірасіма і Нагасакі ядравыя бомбы «Хлапчук» і «Таўстун», каб падштурхнуць Японію да хутчэйшай капітуляцыі. Хірасіма была абраная паводле двух прычынаў: гэта быў цэнтр вайсковых складаў і найбуйнейшы вайсковы порт у Японіі.

Макет бомбы «Хлапчук» («Little Boy»), якую скінулі на Хірасіму.

Бамбаванні Хірасімы і Нагасакі – адзіныя ў гісторыі выпадкі баявога ўжывання ядравай зброі. Агульная колькасць загінулых ад іх вагаецца ад 150 да 250 тыс. чалавек. ЗША не маюць намеру прасіць прабачэння за гэты ўчынак.

Оўбама будзе першым амерыканскім прэзідэнтам, які наведае гэтае месца.

22 красавіка агенцтва «Reuters» паведамляла, што генеральны сакратар кабінету міністраў Японіі Суга Ёсіхідэ заявіў, што звесткі аб падрыхтоўцы візіту прэзідэнта ЗША Барака Оўбамы ў Хірасіму не адпавядаюць праўдзе.

ДД, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары