Оўбама ў ААН: Рэжымы, якія паразітуюць на людзях, рана ці позна рассыпаюцца


Прэзідэнт ЗША Барак Оўбама ў сваім выступе на пасяджэнні Генеральнай асамблеі ААН згадаў пра анексію Крыму Расеяй.

Паводле ягоных слоў, ЗША ўвялі санкцыі супраць Расеі, бо «не могуць стаяць у баку», калі парушаецца суверэнітэт і тэрытарыяльная цэласнасць Украіны.

Прэзідэнт ЗША адзначыў, што вынікам санкцый стаў эканамічны спад у Расеі, зніжэнне курсу рубля і «эміграцыя адукаваных расейцаў», падае sochi.news.

Пры гэтым Оўбама запэўніў, што ЗША ў сваёй вонкавай палітыцы не імкнуцца да новай Халоднай вайны і ізаляцыі Расеі.

Кажучы пра вайну ў Сірыі, Оўбама назваў сірыйскага прэзідэнта Башара Асада тыранам і ўсклаў на яго адказнасць за масавыя забойствы і рэпрэсіі. Прэзідэнт ЗША выказаў гатовасць сумесна з Расеяй і Іранам працаваць над урэгуляваннем канфлікту ў Сірыі.

Амерыканскі прэзідэнт сказаў, што «тыраны ўчорашняга дня становяцца іскрай заўтрашняй рэвалюцыі».

«Гісторыя паказвае, што рэжымы, якія паразітуюць на людзях, рана ці позна рассыпаюцца. Краіны ж, лідары якіх абапіраюцца на Канстытуцыю – квітнеюць. Я разумею, што дэмакратыя – гэта складана. Але менавіта яна зрабіла ЗША наймацнейшай краінай свету. І гэта не тэорыя, гэта практыка», – заявіў Оўбама.

На пасяджэнні Генеральнай асамблеі ААН мае выступіць прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін.

МЯ, паводле sochi.news

Стужка навінаў