Оўбама і Пуцін за чатыры хвіліны абмеркавалі сітуацыю ў Сірыі ды Украіне


Сустрэча паміж прэзідэнтамі ЗША Баракам Оўбамам і Расеі Уладзімірам Пуціным на саміце краін Азіяцка-ціхаакіянскай эканамічнай супрацы ў сталіцы Перу Ліме працягвалася ўсяго чатыры хвіліны. Аднак, згодна з паведамленнямі Белага дому і прэс-сакратара Пуціна Дзмітрыя Пяскова, лідары ЗША і РФ паспелі абмеркаваць сітуацыю ў Сірыі і ва Украіне.

«Прэзідэнт Оўбама заклікаў прэзідэнта Пуціна выконваць абавязальніцтвы ў межах Менскіх пагадненняў», – заявіў прадстаўнік Белага дому. «Прэзідэнты выказалі шкадаванне, што не атрымалася дасягнуць прагрэсу па Украіне», – заявіў Дзмітрый Пяскоў.

У сірыйскім пытанні Оўбама падкрэсліў неабходнасць сумеснай працы кіраўнікоў вонкавапалітычных ведамстваў дзвюх краін дзеля спынення гвалту і змяншэння пакут сірыйскага народу. «Было падкрэслена, што два месяцы, якія засталіся, неабходна выкарыстоўваць для працягу пошукаў сірыйскага ўрэгулявання», – адзначыў Пяскоў, маючы на ўвазе хуткі сыход Барака Оўбамы з пасады прэзідэнта.

Як адзначае агенцтва Dpa, абодва прэзідэнты правядуць у Ліме два дні, аднак больш працяглая іхная сустрэча не прадугледжаная.

МЯ, паводле dw.com

Стужка навінаў