«Бэрдмэн» атрымаў «Оскара», найлепшы замежны фільм – польскі


Прыз Амерыканскай акадэміі кінамастацтваў ў намінацыі «найлепшы фільм» дастаўся «Бэрдмэну» рэжысёра Алехандра Гансалеса Іннярыту. Ён жа атрымаў «Оскара» за лепшую рэжысуру.

«Бэрдмэн» распавядае пра забытага актора, які некалі заграў культавага супергероя, а цяпер мусіць змагацца са сваім эга, спрабуючы вярнуць сабе былую славу.

Фільм «Бэрдмэн» уганаравалі таксама «Оскарамі» за лепшую аператарскую працу і арыгінальны сцэнар, падае Бі-Бі-Сі.

«Оскар» за лепшую мужчынскую ролю – у брытанскага актора Эдзі Рэдмэйна, які зайграў у «Сусвеце Стывена Хокінга».

Лепшай акторкай прызнаная Джульен Мур за фільм «Усё яшчэ Эліс». Яна атрымала «Оскар» упершыню, хоць была намінаваная шэсць разоў.

 

Няўдалай аказалася 87-я цырымонія ўручэння прэміяў Амерыканскай акадэміі кінамастацтваў для «Малалецтва» Рычарда Лінклэйтэра.

Гэты фільм быў прадстаўлены ў шасці намінацыях і лічыўся галоўным супернікам «Бэрдмэна». У выніку ён атрымаў усяго адзін «Оскар» – ён дастаўся Патрысіі Аркет за лепшую жаночую ролю другога плану.

«Іда» абышла «Левіяфана»

«Оскар» у намінацыі «лепшы фільм на замежнай мове» на цырымоніі ў Лос-Анджэлесе атрымала «Іда» польскага рэжысёра Паўла Паўлікоўскага.

Сярод пяці прэтэндэнтаў на «Оскар» у гэтай намінацыі быў і расейскі фільм «Левіяфан» Андрэя Звягінцава. «Левіяфан» ужо атрымаў некалькі міжнародных прэміяў і лічыўся адным з асноўных прэтэндэнтаў на «Оскар» сярод замежных фільмаў.

«Жыццё поўнае сюрпрызаў», – пракаментаваў рашэнне журы Павел Паўлікоўскі, пасля таго як Ніколь Кідман абвесціла пераможцу.

Дзеянне «Іды» адбываецца ў Польшчы 1960 года. Галоўная гераіня карціны – маладая дзяўчына Ганна – сірата, якая правяла дзяцінства ў каталіцкім кляштары. Яна збіраецца прыняць зарок і стаць манашкай, калі даведаецца, што яна – габрэйка, якую аддалі ў кляштар, каб выратаваць ад нацыстаў у часе Другой сусветнай вайны.

«Левіяфану» жа застаецца задаволіцца поспехам у Канне (лепшы сцэнар), Лондане (лепшы фільм на замежнай мове) і на «Залатым глобусе» (дзе ён перамог у гэтай жа катэгорыі).

Адным з самых паспяховых фільмаў на цырымоніі ўручэння «Оскараў»-2015 стаў «Гатэль» Гранд-Будапешт» Ўэса Эндэрсана. Ён атрымаў чатыры статуэткі – за лепшую музыку да фільма, лепшы дызайн касцюмаў, лепшы грым і лепшую працу мастака.

«Оскар» за найлепшы дакументальны фільм атрымала праца Лоры Пойтрас пра былога супрацоўніку ЦРУ Эдварда Сноўдэна «Грамадзянін чатыры» («Citizenfour»).

Атрымліваючы ўзнагароду, Пойтрас падзякавала Сноўдэну за смеласць і гатовасць расказаць праўду.

Эдвард Сноўдэн, які цяпер знаходзіцца ў Расеі, перадаў медыям мноства сакрэтных дакументаў аб дзейнасці амерыканскіх спецслужбаў.

МЯ, паводле bbc.co.uk

Стужка навінаў