Нявывучаны ўрок пасівелага хлопчыка

Гэта – пасланне? Гэта – бясконцая скарга на абставіны, якія немагчыма пераадолець.

Была ў часы майго дзяцінства аповесць пісьменніка Льва Давыдычава – «Шматпакутнае, поўнае нягод і небяспекаў жыццё Івана Сямёнава, другакласніка і другагодніка». Сёння можна з упэўненасцю сказаць: кніга «Шматпакутнае, поўнае нягод і небяспекаў жыццё Аляксандра Лукашэнкі, чалавека і прэзідэнта» поспехам карыстацца не будзе. Проста таму, што ўсе і ўсё, што ў ёй можна сказаць, мы чуем кожны год у прэзідэнцкім пасланні.

Услухайцеся ў лічбы!

Пятнаццаць гадоў не выконваецца толькі адно ўказанне прэзідэнта, дзесяць гадоў – другое. Два гады мусіць даваць прыбытак адзін завод, тры гады – іншы, але – не даюць. Эфектыўнасць кіравання зашкальвае.

Услухайцеся ў факты!

Міністры, дырэктары дэпартаментаў (то бок асобы, прызначаныя прэзідэнтам), старшыні выканкамаў і дырэктары буйных прадпрыемстваў (то бок асобы, прызначаныя са згоды прэзідэнта) – аказваецца! – бяруць хабар. Нічога з гэтым не зробіш – ніякае правяранне не дапамагае.

Удумайцеся ў словы!

«Трэба ліквідаваць прычыны карупцыйных з’яваў». Б…дзь, на дваццаць пятым годзе пасля знакамітага антыкарупцыйнага дакладу. Хто перашкаджаў? «Краіне патрэбныя разумныя сучасныя кіраўнікі…» Патрэбныя, хто ж спрачаецца? Вы ж іх не прызначаеце?
Гэта – пасланне? Гэта – бясконцая скарга на абставіны, якія немагчыма пераадолець. І гэты енк у іх уладаю завецца – і раз на год прарываецца вонкі. Як у хлопчыка, які разбіў каленку.

Але галоўнае ў дакладзе, вядома, з’явілася літаральна напярэдадні. А дакладней, знікла адтуль. Скончыліся размовы пра неабходнасць пераразмеркавання паўнамоцтваў на карысць іншых галінаў улады.

Размовы, аказваецца, вяліся «для бедных» – для іншаземцаў, якія спадзяваліся на пераход беларускай палітычнай сістэмы да «мяккага аўтарытарызму» – да парламенцкай рэспублікі з моцным прэм’ерам. Аказваецца, ніхто пра гэта не думаў!

Збіраліся прыбраць з Канстытуцыі згадку Найвышэйшага гаспадарчага суда, але можна і не прыбіраць. Галоўнае – стабільнасць. І – як асабліва падкрэсліў прэзідэнт – не пераробліваць Канстытуцыю пад канкрэтную асобу. Вось, пад Саргсьяна ў Арменіі перарабілі – а трэба было наўпрост сказаць народу, што…

Можна толькі паспачуваць маленькаму хлопчыку, які пасівеў ад перабывання ў другім класе і які да гэтай пары не навучыўся рабіць працу над памылкамі, сваімі і, пажадана, тыповымі.

Ён кажа з паўзамі, таму што сутыкаецца ў тэксце са словамі, якія так і не вывучыў. Ён адхіляецца – па-ранейшаму – ад паперкі, таму што падрыхтаваны ўрок для яго нудны, і прасцей казаць лухту, чым паўтараць напісанае разумнымі людзьмі.

Ён і сам, вядома, не дурань, але – другі год у другім класе – нудна…

А як жа ж нудна настаўнікам, якія слухаюць гэта… Твар Паўла Калаура падчас словаў пра неабходнасць стварэння эфектыўных фінансавых інстытутаў – мяккая іранічная ўсмешка галоўнага банкіра краіны – не, не здзекуецца, усміхаецца, па-добраму ўсміхаецца. Ён акурат – дарослы, ён – усё разумее.

І так – дваццаць чатыры разы. Ці – дваццаць тры? Якая розніца! Пашкадуйце маленькага пасівелага хлопчыка, які выглядае менш дарослым і сур’ёзным, чым ягоны ўласны малодшы сын.

«И скучно, и грустно, и некому руку подать…» – пісаў расейскі класік. Самотна другагодніку, самотна і сумна… Трэба на час пераходзіць у наступны клас, але яму так спадабалася ў другім, што ён вырашыў у ім затрымацца. Ці не было акурат гэта – галоўнаю памылкай?

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў