Нямецкія медыі: Урад хоча, каб насельніцтва рабіла запасы на выпадак вайны


Урад Нямеччыны хоча стымуляваць насельніцтва рабіць запасы прадуктаў харчавання і вады на выпадак надзвычайных сітуацыяў.

Пра гэта гаворыцца ў новай канцэпцыі грамадзянскай абароны, распрацаванай міністэрствам унутраных спраў, паведамляе выданне «Frankfurter Allgemeine Sonntagszeitung», якое выйшла ў нядзелю, 21 жніўня. Урад абмяркуе канцэпцыю і павінен адобрыць яе ў сераду, 24 жніўня.

«Насельніцтва будуць заахвочваць трымаць асабісты запас ежы на 10 дзён», – цытуе выданне новую канцэпцыю.

Акрамя таго, у праекце дакументу гаворыцца, што ў выпадку ўзнікнення надзвычайнай сітуацыі грамадзяне мусяць быць у стане забяспечыць сябе самым неабходным, пакуль урад не наладзіць пастаўкі харчавання, вады, энергіі і гэтак далей. У прыватнасці, насельніцтву прапануецца трымаць запасы пітной вады на 5 дзён з разліку 2 літры ў дзень на чалавека.

Канцэпцыя грамадзянскай абароны ў Нямеччыне будзе абноўленая ўпершыню з 1995 года. Яе распрацоўку ініцыяваў камітэт Бундэстагу па бюджэце ў 2012 годзе. Як адзначаецца ў праекце дакументу, напад на тэрыторыю Нямеччыны, які будзе патрабаваць звычайных захадаў абароны, малаверагодны. Аднак неабходна быць гатовым да развіцця падзей, якія могуць уяўляць пагрозу для існавання і якіх нельга выключыць у будучыні, адзначаецца ў новай канцэпцыі.

МЯ, паводле dw.com

Стужка навінаў