Нямеччына стварае войскі кібер-абароны пасля атак расейскіх хакераў


Нямеччына стала чарговай краінай НАТО, якая стварае спецыялізаваныя падраздзяленні Узброеных сілаў для змагання з хакерскімі атакамі. Нямецкая армія толькі ў першым квартале 2017 года стала цэллю 284.000 інтэрнет-нападаў, піша партал militaryaerospace.com.

Раней Паўночнаатлантычны альянс адзначыў рост падазроных дзеянняў супраць сваіх камунікацыйных сектараў у пяць разоў за апошнія тры гады і ўлетку мінулага году вызначыў кібер-прастору новым афіцыйным тэатрам ваенных дзеянняў – разам з зямлёй, вадой і паветрам.

Новае Камандванне інфармацыйнай і кібер-прасторы Бундэсверу будзе складацца з 13.500 чалавек – што ўсяго на 2.500 чалавек меней, чым ва ўсім нямецкім ВМФ.

Ці не галоўным парціўнікам нямецкіх ваенных будзе Расея – яшчэ ў канцы мінулага году афіцыйныя асобы зафіксавалі напады на серверы дзяржаўных устаноў Нямеччыны менавіта з гэтага боку.



Міністр абароны Нямеччыны Урсула фон дэр Ляйен і генерал-лейтэнант Людвіг Ляйнос, камандзір Камандвання інфармацыйнай і кібер-прасторы. Фота – Мінабароны Нямеччыны.

«Расея збіраецца дэстабілізаваць урад Нямеччыны і аслабіць нашу дэмакратыю», – адзначыў у сувязі з гэтым прадстаўнік канцлера Ангелы Мэркель па ўнутраных справах Стэфан Майер.

Мэркель заявіла, што падобныя кібер-атакі адпавядаюць расейскай дактрыне гібрыднай вайны і сталі «штодзённаю зʼяваю». «Мы павінны навучыцца спраўляцца з гэтым», – дадала яна.

Акрамя абароны ўласнай кібер-прасторы, нямецкія жаўнеры будуць вучыцца здзейсняць уласныя атакі, аднак некаторыя дэпутаты з нямецкіх левых партый лічаць, што на гэта армія павінна атрымаць згоду парламента.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў