Нямеччына дапамагае беларускім цыганам


Урадавы фонд Нямечыны «Памяць. Адказнасць. Будучыня» у межах праграмы падтрымання ромаў, якія перажылі генацыд, выдаткаваў грашовую адрасную дапамогу беларускім цыганам.

Дапамогу раней атрымлівалі двойчы – у 2003 і 2008-ым – і толькі тыя прадстаўнікі цыганскае дыяспары, якія ў часы вайны трапілі ў канцлагер. Цяпер дапамогу атрымаюць тыя, якія знаходзяцца ў цяжкім матэрыяльным стане.

Цыганы не хочуць сумленна працаваць ды займаюцца крыміналам. Гэткі стэрэатып пра прадстаўнікоў гэтага народу найбольш распаўсюджанае ў нашым грамадстве. Але ці ўсе цыганы такія? Мы наведалі Ашмяны, дзе стала жывуць з паўсотні цыганскіх семʼяў.

У адным з дамоў жывуць сем цыганскіх сем’яў. У кожнай пакойчык ад 10 да 16 метраў. Ва ўсіх па некалькі дзяцей. Сціплая ежа, газу няма. Выжываюць дзякуючы дзіцячай дапамозе. Лічаць кожную капейку.

Цыгане кажуць, што галоўны клопат – як заплаціць падатак “за дармаедства”. Да таго ж, няма ні дроў, ні вады. А на працу іх не бяруць. Як убачаць, што цыган, то адразу адмаўляюць.

У цяперашні час засталося не так шмат цыган, якія перажылі вайну. У асноўным гэта людзі сталага веку, якія тады былі дзецьмі. Цяпер ужо іх дзеці ўзгадваюць расповеды бацькоў. На вачах маці Раісы Лівіцкай гітлераўцы забілі бацьку, а потым падчас аблавы – маці і бабулю.

Некаторым больш пашчасціла. 98-гадовы Аляксандр Грахоўскі ў часы вайны быў разам са сваймі бацькамі ў партызанскім атрадзе. Цяпер ён атрымлівае пенсію ў 2 мільёны. Жыве ў доме свайго сына, які перабіваецца невялікімі падпрацоўкамі.

У Беларусі афіцыйна зарэгістравана каля 7 тысяч цыганоў. Але самі яны кажуць, што іх каля 60 тысяч. Пакуль невядома колькі канкрэтна чалавек атрымае грошы. Але ў любым выпадку відавочна, што ім гэтая дапамога сапраўды неабходная.

Любоў Лунёва, belsat.eu

Стужка навінаў