Нямеччына адмовілася запрасіць Расею на саміт «Вялікай сямёркі»


Міністр замежных справаў Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер адхіліў заклікі радыкальнай партыі «Левых» запрасіць расейскага лідара Уладзіміра Пуціна на запланаваны саміт краінаў «Вялікай сямёркі» G7.

У мінулым годзе група сямі развітых краінаў правяла штогадовы саміт без Пуціна ў знак пратэсту супраць анексіі Крыму і дэстабілізацыі ўсходу Украіны, інфармуе Бі-Бі-Сі.

Па словах Штайнмаера, дарога ў G8 для Расеі вядзе праз адмову ад Крыму.

Грэгар Гізі, лідар парламенцкай фракцыі «Левых», куды ўвайшлі, у прыватнасці, і былыя камуністы Усходняй Нямеччыны, заклікаў урад запрасіць Пуціна на саміт G7, які пройдзе ў чэрвені ў Баварыі.

Паводле яго, супраца з Расеяй неабходна для вырашэння шматлікіх міжнародных крызісаў.

У інтэрвю газеце «Die Welt» Штайнмаер сказаў, што ўдзел Расеі ва ўрэгуляванні крызісаў у Сірыі, Емене і Лівіі пажадана, але пакуль яе вяртанне ў клуб развітых дзяржаваў немагчыма.

«Не ў нашых інтарэсах ізаляваць Расею на працяглую перспектыву. Аднак пасля незаконнай анексіі Крыму мы не можам дзейнічаць, як быццам нічога не адбылося, – сказаў нямецкі міністр. – Шлях назад у «Вялікую васьмёрку» ідзе праз павагу да цэласнасці Украіны і выкананне Расеяй яе абавязальніцтваў згодна з Менскімі пагадненнямі».

Раней шэраг еўрапейскіх лідараў абвесціў, што не прыедуць на парад Перамогі 9-га траўня ў Маскве ў знак пратэсту супраць агрэсіі Расеі да Украіны.

Расейскі палітолаг Станіслаў Бялкоўскі лічыць, што лёс Данбасу залежыць ад таго, наколькі Пуціна «зняважаць» у Дзень Перамогі.

МЯ, паводле bbc.co.uk

Глядзі таксама
Каментары