«Няма сэнсу хадзіць у суд, калі нашыя паказанні нічога не значаць», – журналістка Вольга Чайчыц


Карэспандэнтку «Белсата» Вольгу Чайчыц і аператара Андруся Козела ў чарговы раз пакаралі штрафам за працу без акрэдытацыі.

Суддзя Карэліцкага раённага суду Ірына Каско пастанавіла аштрафаваць «белсатаўцаў» на 40 базавых велічыняў кожнага (па 980 рублёў). Нашыя калегі на суд не паехалі. Вольга Чайчыц патлумачыла прычыну:

«Не бачым сэнсу хадзіць на гэтыя паседжанні, калі рашэнне суд прымае загадзя і гэтае рашэнне палітычнае, калі нашыя паказанні нічога не значаць. Сэнс прысутнічаць ёсць толькі тады, калі мы можам нагадаць аб праблеме, якой прысвечаны сюжэт, за які нас судзяць».

Гэтым разам журналістку і аператара асудзілі за матэрыял пра супрацоўніка калгасу ў Карэліцкім раёне. Мужчына паскардзіўся на рабскія ўмовы працы ў СПК «Чарняхоўскі-Агра» і неўзабаве быў звольнены. «Белсат» распавёў ягоную гісторыю.

Для Вольгі Чайчыц гэты суд стаў пятым за 2018 год, для Андруся Козела – трэцім. Да таго ж, за сюжэт пра датэрміновае галасаванне ў Бараўлянах падчас мясцовых выбараў іх паабяцалі асудзіць прымусова, з прыводам. Калі – пакуль невядома.

***

З пачатку года адбыліся ўжо каля 30 судовых працэса над нашымі калегамі.

У 2017 годзе паводле артыкулу пра незаконны выраб прадукцыі медыяў і працы без акрэдытацыі журналісты «Белсату» заплацілі дзяржаве не менш за $ 14 000.

Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), 94 % штрафаў паводле адміністратыўных справаў за нібыта незаконны выраб прадукцыі СМІ летась прыпалі на журналістаў «Белсату».

КА, belsat.eu

Стужка навінаў