«Няма Беларусі – ёсць Мытны саюз». Украінца не пусцілі ў Беларусь


Жыхара Украіны ў Беларусь запрасілі сябры. Да іх мужчына не даехаў: «неўязны ў Расею». І, адпаведна, у Беларусь.

Юрый Мольфар ехаў у Беларусь аўтобусам. Украінскую частку мяжы ён прайшоў без праблемаў, на беларускай, як толькі ягоны пашпарт трапіў у рукі памежнікаў, яго адвялі ў бок, абшукалі і дапыталі. Першым пытаннем было: «Даўно быў у Расеі?».

«Рукі ў бакі, ногі расставілі, вобшук да майтак», – піша Юрый Мольфар у «Фэйсбуку».

Апошні раз мужчына быў у Расеі 13 гадоў таму.

Допыт Мольфара цягнуўся каля 4 гадзінаў. Цікавіла іх, паводле ўкраінца, ягоная партыйная прыналежнасць і візіты на Данбас.

«[Пыталі] пра веравызнанне, каней, Чарнобыль, але заўжды вярталіся да пытанняў пра Данбас», – піша Мольфар.

Нарэшце беларускія службоўцы заявілі замежніку, што яму забаронены ўезд у Расею.

У адказ на заўвагу, што «ён едзе ў Беларусь», украінец пачуў, што «Беларусі няма – ёсць Мытны звяз».

  • Беларуска-расейскае пагадненне аб узаемным прызнанні забаронаў на ўезд дзейнічае з лістапада 2015 года.
  • Менск узяў на сябе абавязак не пускаць у краіну фігурантаў расейскіх «чорных спісаў» і лічыць на такі ж крок з боку ўсходняй суседкі. У пагадненні, ёсць, аднак, пункт, які дазваляе кожнаму боку прымаць рашэнне па кожным грамадзяніне самастойна, інфармуючы пры гэтым хаўрусніка.
  • На думку экспертаў, падобная практыка з выдаленнем з Беларусі асобаў нон-грата ў Расеі шкодзіць іміджу краіну.

ДД

Глядзі таксама
Каментары