Няўлічаныя гектары


Засеялі дарогі і лугі, каб сабраць большы ўраджай. І сабралі. На Берасцейшчыне праз маніпуляцыі з гектарамі цярпіць мясцовае насельніцтва.

Першая ёмістая статыстыка з беларускага поля, што больш за 8 млн. тон зерня ўжо сабралі. Паводле аператыўных звестак Міністэрства гаспадаркі, урадлівасць склала 39 ц/га. Старшыня адпаведнага камітэту па Менскай вобласці падкрэсліў стараннасць працаўнікоў – маўляў, нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы надвор’я, леташні паказнік перакрочылі, ды падзякаваў за дзяржаўную дапамогу гаспадаркам. Але не сказаў Віталь Грышанаў усяе праўды пра гектары з цэнтнера.

Зерне з узаранай дарогі

Змаганне за намалот для кожнага кіраўніка – справа прыбытковая. І на п’едэстал запросяць пад час свята ўраджаю, і прэміі раздадуць – лепшым кіраўнікам ды экіпажам камбайнераў. Але галоўнае – у спіс найгоршых не трапіць, бо спытае дзяржава за слабыя вынікі па жніве – абавязкова. Таму «круціцца» даводзіцца – на чым ёсць. Надвор’е не загадаеш, угнаенне ва ўсіх аднолькавае, а з плошчаю зямлі – можна і зманіпуляваць! Гэтак сёлета зрабілі на Пружаншчыне (радзіме аўтаркі). Узаралі зямлю, як кажуць мясцовыя, пад завязку…

– Нават сцяжынаў на ўскрайку лесу не пакінулі, каб па грыбы ды чарніцы хадзіць. Абсурд! – кажа жыхарка вёскі Парасляны.

– Калі ранейда Смугі (назва лесу) кіламетр друзою было хады, цяпер у кола аб’язджаем, – скардзіцца другая.

[vc_single_image image=”368305″ img_size=”large”]

Лес лесам, але шкодзіць скупая гаспадарлівасць і тым, хто працуе ў самых гэтых гаспадарках. Бо да іх дабрацца трэба.

– Калені слабыя і суставы. Да суседняй вёскі і без таго ледзь педалі круціў, а сёлета дарогі ўсе ўзаралі – то пешкі па полі 2 гадзіны іду…

– Дык чаго ўзаралі?

– Каб намалот большы быў! У дакументах іхных колькасць гектараў не зменіцца, а цэнтнераў з гектару – пабольшае! – адзываецца мужчына пенсійнага ўзросту.

– Гэта толькі тут, на Пружаншчыне? – пытаюся.

– Дзе там! Дзе праверак няма, у такіх раёнах усё пад трактар пайшло!

Гэта арыфметыка новага часу, бо такіх практыкаванняў не стасавалі нават за саветамі.

Акінуўшы вокам родныя мясціны, прыкінула, што зямлі вакол найбліжэйшага поля дакінулі недзе з 10 %. Не факт, што лішнія гектары атачаюць кожнае поле, таму зробім зніжку ўдвая – да 5 % і палічым больш-менш рэальны намалот з гектара. Замест агучаных – 1,4 млн. т. зерня па вобласці атрымаем 1, 33 млн. т – на 70 000 менш!

Што датычыць Пружанскага раёну, стаўку рабілі яшчэ і на хуткасць працаў. Скончылі жніво ў першым шэрагу – 14-га жніўня, як і гаспадаркі Століншчыны.

ЮЦ, belsat.eu

Стужка навінаў