Някляеў: Цягнік далей не ідзе. Значыць, трэба выходзіць


Афіцыйная старонка ЕГУ

Былы кандыдат у прэзідэнты патлумачыў, чаму вырашыў выйсці з апазіцыйных структураў.

Ніжэй прыводзім каментар, які Уладзімір Някляеў даў для Naviny.by:

Уладзімір Някляеў звязвае сваё рашэнне з адсутнасцю вынікаў у перамоўным працэсе па вылучэнні адзінага кандыдата ад апазіцыі на прэзідэнцкія выбары 2015 года.

Прычына, па якой я выйшаў з апазіцыі, ясна названая ў заяве, і я адмаўляўся ад усялякіх каментароў з гэтай нагоды. Але каментары «удзельнікаў працэсу», лідараў і актывістаў структураў, якія ўваходзяць у апазіцыйную кааліцыю, усё ж патрабуюць удакладненняў.

Па заведзенай у апазіцыі традыцыі, кожны імкнецца выкарыстоўваць промах іншага для яго дыскрэдытацыі. Справа падаецца так, быццам ва ўсім вінаваты адзін бок. У дадзеным выпадку – кампанія «Гавары праўду». А астатнія – малайцы. Але якія малайцы, калі на кожным паседжанні кожны казаў пра разуменне важнасці, неабходнасці кангрэсу, а рашэнне (за два гады!) так і не прынятае?

Калі коратка, канва падзей такая.

Адной з асноўных мэтаў аб’яднання чатырох апазіцыйных структураў вакол праграмы «Народны рэферэндум» было вылучэнне адзінага кандыдата ад Партыі БНФ, Руху «За свабоду», сацыял-дэмакратаў і грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду». Адразу былі вызначаныя прэтэндэнты на месца адзінага кандыдата ад «Народнага рэферэндуму»: Мілінкевіч і Някляеў.

Пасля доўгіх кансультацый і перамоваў стала зразумела, што адзіным я не буду. Партыя БНФ і рух «За свабоду» блакавалі такую ​​магчымасць. Тым самым яны блакавалі кангрэс і вылучэнне адзінага кандыдата ад усёй апазіцыі, што для мяне было прынцыпова важна. Значна важней маіх асабістых (якіх я не хаваў) амбіцый, таму я зняў сваю кандыдатуру на карысць Мілінкевіча, мяркуючы, што такім чынам вырашаю пытанне адзінага кандыдата, перамога якога на кангрэсе (пры падтрымцы чатырох апазіцыйных структураў) не выклікала сумневаў.

Але як толькі адкрылася дарога да перамогі на кангрэсе, Аляксандр Мілінкевіч адмовіўся па ёй ісці. Праз тры дні пасля прыняцця рашэння аб яго вылучэнні.

Прапановы заняць месца кандыдата ў прэзідэнты ад «Народнага рэферэндуму», якое раптам вызвалілася, я не прыняў. Вось тады і з’явіліся як бы нечаканыя кандыдаты ад БНФ, руху «За свабоду», кампаніі «Гавары праўду».

Адмовіўшыся ад прэтэнзіяў на вылучэнне адзіным кандыдатам, я не адмовіўся ад самой ідэі. І ўнёс прапанову вылучыць адзіным кандыдатам у прэзідэнты палітвязня Мікалая Статкевіча. Абгрунтаваў яго ўдзел. Сказаў, якой я бачу ў такім выпадку прэзідэнцкую кампанію. Доўга абмяркоўвалі, што і як, і ў выніку прагаласавалі «за» толькі тры структуры. Зноў нічога не выйшла.

Тады я зрабіў наступны крок: прапанаваў кіраўнікам структураў, якія ўваходзяць у ініцыятыву «Народны рэферэндум», падпісаць працэдуру вылучэння адзінага кандыдата асобна. Да гэтага рашэння далучыліся хрысціянскія дэмакраты. І калі б да пяці подпісаў дадалася подпіс прадстаўніка АГП або «Справядлівага свету», пытанне кангрэса было бы вырашана. Паўгода таму! Але гэтага не здарылася…

АГП і «Справядлівы свет» не задавальняў адзін з механізмаў вылучэння дэлегатаў на кангрэс: праз збор подпісаў. Хоць гэта ніяк не менш дэмакратычна, чым вылучэнне на сходах. На таптанне вакол гэтага было выдаткавана, як я ўжо сказаў, паўгода, і калі я ўбачыў, што дамовіцца не ўдасца, зняў прапанову па зборы подпісаў.

Гэта давала перавагі АГП і «Справядлівага свету», але замест таго, каб адрэагаваць на гэтую прапанову аператыўна (сёння прапанова – заўтра адказ), АГП і «Справядлівы свет» цягнулі паўмесяцы, што дало магчымасць структурам «Народнага рэферэндуму» заявіць: «Усё. Цягнік сышоў».

Вось толькі тады я выйшаў з гэтага цягніка. Гэта зусім не быў, як камусьці хочацца прадставіць, усплёск эмоцый, а ўзважанае рашэнне, заснаванае на разуменні: цягнік далей не ідзе. Значыць, трэба выходзіць.

Чаму я стаяў за кангрэс дэмакратычных сілаў? Таму што гаворка ішла не столькі пра выбары (якіх можа быць яшчэ шмат), колькі пра выбар, які ў дадзеных гістарычных умовах можа быць адзін і апошні. І кангрэс мне бачыўся не толькі як інструмент выбару адзінага кандыдата, а перадусім як механізм размеркавання адказнасці за лёс краіны. Адказнасці кожнага апазіцыйнага лідара і актывіста, адказнасці кожнага члена грамадства, без чаго нам немагчыма будзе адстаяць Беларусь.

І вось я гавару і гавару ў гэтым цягніку пра гэта, а чую пра зборы, подпісы, пра тое, хто ў якім – праз подпісы і зборы – апынецца вагоне. Ды якая розніца, калі гэты цягнік пад адкос…

Я зусім не сцвярджаю, што адзін ва ўсім маю рацыю, а ўсе – не маюць. Так не бывае. Так, я таксама памыляўся, рабіў не зусім слушныя крокі, але, калі адыходзіў у бок ад галоўная дарогі, рабіў намаганне – і вяртаўся. Цяпер проста пройдзена кропка невяртання.

НМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары