Някляеў: гэтыя «інтрыгі, барацьба за грошы, партфелі, месцы» выяўляюць чалавечую натуру


Што такое каханне? Ці прыемней чытаць, чым пісаць? Навошта душы паэта бруд і інтрыгі палітыкі? Паэт, пісьменнік і палітык Уладзімір Някляеў у інтэрвю belsat.eu распавёў пра першае каханне, недапісаную паэму і ролю сексуальнай цягі ў прыродзе кахання

– Распавядзіце, калі ласка, пра тое, што Вы любіце? Можа, есці, выпіваць, працаваць, глядзець, слухаць, чытаць? Ці любіце Вы палітыку так, як пісаць?

– Ды, бадай, люблю ўсё з названага. Прапановы жыцця ўвогуле нельга не любіць. Нідзе ў іншым месцы гэтакіх прапаноў няма.Калі чалавек не любіць смачна паесці, са смакам выпіць кілішак, ён хворы. Я не хворы. Калі чалавек не любіць працаваць, ён лайдак. Я не лайдак. Дзякуй Богу, я не сляпы і не глухі, і люблю глядзець фільмы, карціны, слухаць музыку.

Раней больш любіў чытаць, чым пісаць. Цяпер як бы ўсё прачытана. У літаратуры не так шмат арыгінальных сюжэтаў, усе асноўныя сэнсы выказаныя, і большасць новых тэкстаў так ці інакш – рэмэйкі колішніх. Праўда, аўтары іх пра тое не падазраюць, шчыры мяркуючы, што ствараюць нешта прынцыпова новае».

– Што такое каханне?

– У адной з паэмаў (з умоўнай назваю «Раб», якую праз недахоп часу ўсё ніяк не магу дапісаць) гераіня паэмы (Воля) кажа герою:

«Ты раб! А хто вольны – той вольны,

У ім толькі дух неспатольны,

Які не трывае ярма.

А ты закахаўся. Дарма.

Каханне – такая турма,

Дзе сам ты – турэмшчык няўмольны.

Залежны ад волі каханкі,

Каму ты належыш? Сабе?..

Абдымкі яе, як кайданкі,

І ўсе пацалункі, як ранкі,

Як клеймы ў раба на ілбе».

Ці вынікае з гэтага, што каханне (як перакананы адзін з маіх даўніх сяброў) – добраахвотнае рабства? Не. Бо колькі людзей – столькі ж досведаў кахання і столькі ж меркаванняў пра яго.

Маё першае каханне, пра якое я падумаў, што вось гэта яно і ёсць, звалі Нэлай. Яно апісанае ў рамане «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без». Там амаль усё, апроч аднаго… Калі са мной, шаснаццацігадовым, западозраным у «антысавецкай дзейнасці», правялі «бяседу» ў КГБ, я сказаў пра гэта Нэле. Спытаў жартам: калі сашлюць у Сібір, паедзе яна за мной, як дзекабрыстка, ці не?

Нэла распавяла пра ўсё бацькам, тыя перапалохаліся і забаранілі ёй бачыцца са мной. Пра гэта Нэла і паведаміла мне ў запісцы, якую перадала праз сяброўку: «Мы з табой болей не ўбачымся».

Мая жонка Вольга была побач са мной, калі мяне збіваў спецназ «Алмаз», была ў шпітальнай палаце, з якой выкрадаў мяне спецназ «Альфа» (ад якога яна спрабавала нават бараніць мяне), а назаўтра пасля крывавага здушэння Плошчы 2010 года, калі Менск замарозіла страхам, стаяла, маленькая, адна перад усім светам, распавядаючы пра бандытаў, які збівалі ні ў чым не вінаватых людзей, пра рэжым, які пакідаў гэтых людзей у турмы…

З гэтага і паднялася ў свеце хваля падтрымання палітвязняў, пачаўся ціск на рэжым. І дзесяць дзён і начэй, пакуль не дазналася, што я жывы, Вольга ні на імгненне не заплюшчыла вачэй.

Каханне – найвышэйшая ступень чалавечых адносін. Гатовасць да самаахвярнасці дзеля таго, каго кахаеш. Набліжэнне да Боскай любові, да таго, што зрабіў дзеля нас Хрыстос.

– Як Вы мяркуеце, ці мае чалавек дазвол на забойства кахання ў сабе?

– Не ведаю, што тут адказаць. Мне не сустракаліся людзе, якія б свядома забівалі ў сабе каханне. А ўсё, што я пра гэта чытаў, мела прычынай ці паталогію, ці здраду.

– Я хацеў пагутарыць пра кахання з пункту гледжання навукі з адным псіхіятрам, і ён даў, на думку некаторых людзей, вельмі ёмісты адказ: «Я не сексапатолаг». Увогуле, як Вы лічыце, у прыродзе кахання мужчыны да жанчыны якое месца займае сексуальная цяга?

– Калі вучыўся ў літінстытуце ў Маскве, мімалётна быў закаханы ў адну студэнтку (якая стала потым знакамітай акторкай) інстытуту кінематаграфіі – і хадзіў з ёй на лекцыі. І там часцяком чуў, як Аляксандр Даўжэнка (вядомы рэжысёр, які выкладаў у тым інстытуце) набраў свой курс і на першых занятках сказаў:

«Усё мастацтва, у тым ліку кіно, гэты тры сюжэты. Першы: ён жадае, яна – не. Другі: яна жадае – ён не (ці не здольны жадаць). І трэці (ну, напрыклад, сюжэт «Рамэа і Джульеты»): яны жадаюць – ім замінаюць. Хто згодны з гэтым, заставайцеся, я буду вучыць вас рэжысуры. Хто не згодны – для тых я наўмысна пакінуў дзверы адчыненымі».

Яно нібыта так, ва ўсякім выпадку з гэтага ўсё пачынаецца. І не толькі ў Даўжэнкі (ці Фрэйда). Але колькі яно на гэтым трымаецца?.. Ніводная закаханая пара не справіла б не тое што залатое ці срэбнае, а нават драўлянае вяселля, калі б толькі гэтым каханне сілкавалася. Так што згаданаму псіхіятру я з сексапаталагічным ухілам я б таксама раіў падлячыцца.

– Вось Вы – чалавек, які піша, мае дар на выраз сваіх перажыванняў і думак. Навошта Вам палітыка? Усе прызнаюць, што палітыка ёсць бруд, лухта, інтрыгі, барацьба за грошы, партфелі, месцы. Навошта гэта душы паэта?

– Досвед, займеты ў палітыцы, не займеў бы я ні ў адной іншай сферы дзейнасці. Менавіта гэтыя «інтрыгі, барацьба за грошы, партфелі, месцы», а найперш – барацьба за ўладу – выяўляюць чалавечую натуру, агаляюць і напінаюць чалавечыя адносіны напоўніцу. І пра ўсё гэта, калі дасць Бог на тое час і сілы, я яшчэ спадзяюся напісаць.

Гутарыў Яўген Балінскі, belsat.eu

Стужка навінаў