Някляеў адсядзеў 7 содняў за святкаванне перамогі над Масквой. Стрым вызвалення з Акрэсціна

video

15 верасня людзі ў цывільным затрымалі экс-кандыдата на пасаду прэзідэнта Уладзіміра Някляева. У той жа дзень суддзя Марына Фёдарава адправіла апазіцыйнага палітыка на 7 содняў на Акрэсціна.

09:55 Уладзімір Някляеў звярнуўся да гледачоў “Белсату”: “Жыццё складаецца з вельмі простых рэчаў: ежа, дом, сям’я. Але для мяне асабіста гэтага заўсёды было мала, калі я адчуваў, што я не проста істота, якая есць і спіць. Я не выношу, калі з мяне здзекуюцца, зневажаюць. Мы жывем не ў нармальнай краіне. Вы паглядзіце: мы тут стаім і ўвесь час побач праязджаюць аўтазакі, кагосьці арыштоўваюць і саджаюць. Бо ім даведзены план. Трэба ў краіне нешта мяняць. Я заклікаю вас: будзьце беларусамі, будзьце грамадзянамі!” Пасля гэтага палітык разам з сябрамі і блізкімі паехаў дадому.

09:53 З інтэрв’ю Уладзіміра Някляева вынікае, што ён мае намер падаць скаргу на дзеянні адміністрацыі ізалятара праз кепскае абыходжанне і здзекі.

09:45 У зняволенні турэмнікі паэту забаранялі пісаць. “Са мною тут яшчэ выхаўваўчыя размовы праводзілі. І адзін з міліцынятаў даводзіў, што я вінаваты ў тым, што міліцыянты “змушаныя яго затрымліваць”, – гаворыць 71-гадовы паэт.

09:42 “Маё перакананне – што яны [улады], кожны раз мяне арыстоўваючы пасля 2010 года спадзяюцца, што рана ці позна мяне адсюль вынясуць уперад нагамі. Мяне гэтым разам схапілі на прыпынку, па дарозе ў клініку. У мяне быў талон да доктара на 9:50. Я задумаўся, адкуль яны ведаюць, што я а 9 выходжу з хаты”. Палітык лічыць, што яго незаконна праслухоўваюць, бо напярэдадні ён абмяркоўваў свае планы па тэлефоне з Міколам Статкевічам.

09:40 Вольга Някляева праз “дамафон” спытала пра вызваленне мужа, дзяжурны сказаў, што “афармляюць дакументы”. Праз хвіліну Уладзімір Някляеў выйшаў на свабоду.

09:28 Сустракаць арыштаванага паэта прыйшлі сярод іншага актывісты Павел Вінаградаў, Вольга Нікалайчык, Алесь Лагвінец. “Важна прыходзіць і сустракаць. Я сам быў у такой сітуацыі, я ведаю, што гэта такое”, – падкрэслівае Алесь Лагвінец. Ён прыйшоў з да ізалатара з малым сынам.

09:24 З ізалятара выехалі дзве машыны, у тым ліку мікрааўтобус. Невыключана, што палітыка вывезлі ў адным з аўтаў.

22 верасня палітык выйдзе на волю. А 9:30 «Белсат» распачне відэатрансляцыю з пад сценаў менскага прыёмніка размеркавальніка.

Уладзіміра Някляева пакаралі за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, якая адбылася 8 верасня ў Менску.

Відэатрансляцыя з акцыі 8 верасня

Акцыя 8 верасня прайшла пад дэвізам «Вызвалім краіну з-пад унутранай акупацыі, не дапусцім знешняй агрэсіі». Арганізатарам акцыі быў Беларускі нацыянальны кангрэс (БНК), адным з лідараў якога з’яўляецца Уладзімір Някляеў.

БНК паўстаў у 2016 годзе з ініцыятывы грамадскіх і палітычных дзеячаў, якія хочуць аб’яднаць апазіцыю.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары