Някляеў стварае рух «За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі»


Паэт, былы кандыдат на прэзідэнта і палітвязень, былы кіраўнік кампаніі «Гавары праўду» Уладзімір Някляеў пачаў стварэнне новага агульнанацыянальнага руху.

Уладзімер Някляеў, які ў красавіку сышоў з пасады старшыні кампаніі «Гавары праўду», распавёў пра сваю новую грамадскую ініцыятыву ў інтэрвю радыё «Свабода»:

«Рух называецца «За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі« – так, я займаюся гэтым амаль штодзённа. Мушу сказаць, што ўсё ідзе так, як я і чакаў: ёсць запалоханае і пасіўнае грамадства. Можа быць, маюць рацыю тыя, хто мне даводзіць, што час гэты – не для стварэння нейкіх масавых народных рухаў. Як бывае час для стварэння новай рэлігіі, так і час, калі яе стварыць немагчыма. Але я перакананы, што чакаць нейкага спрыяльнага часу не даводзіцца. Усё-ткі мы маем відавочную пагрозу нашай дзяржаўнай незалежнасці. Тое, што заяўляе Лукашэнка, што ў яго нейкія ёсць сілы дзеля таго, каб справіцца з любым ворагам, «які пасягне хоць на кавалак беларускай зямлі«, гэта ўсё – пусты вецер. Таму, што няма такіх сілаў, бо ня створаныя нацыянальныя сілы, якія б адстойвалі Беларусь. Спецслужбы ягоныя наскрозь прарасейскія. Я там быў і меў магчымасць пазнаёміцца з найвышэйшым камандаваннем гэтых службаў і сярэднім. І ўсе яны амаль што – так званы «рускі мір«. І ў войску беларускім па сутнасці адныя расейскія генералы і, хутчэй за ўсё, яны выканаюць загад Пуціна, пра што яны і кажуць, калі арыштоўваюць нашых актывістаў. Маўляў, што сюды прыйдзе Пуцін, сюды прыйдзе «русский мир», і мы вам тады, нацыяналістам, пакажам».

Уладзімір Някляеў падкрэсліў, што захаваць і ўратаваць Беларусь можа толькі беларускі народ, які, аднак, сёння замбаваны гэтай афіцыйнай беларускай і расейскай прапагандай і проста не разумее, што цяпер адбываецца.

Паводле дзеяча, ён прагне, каб да руху далучыліся новыя сілы. У сваю чаргу рух не мае быць новай палітычнай партыяй, а лакальныя структуры маюць быць тут роўныя сталічным. Асноўнай дзейнасцю новай палітычнай партыі будуць акцыі ў падтрыманне незалежнасці Беларусі. «Вы бачылі якую-небудзь такую акцыю на дзяржаўным узроўні? Можа, такой акцыяй можна назваць парад у Менску 9 траўня, калі разам з трактарамі і МАЗамі ішлі расейскія войскі? Гэта ёсць паказнік таго, што Беларусь гатовая бараніць сваю дзяржаўнасць і незалежнасць? Ці пустыя заявы пра нашую эканамічную моц, калі мы ізноў просім у Кітая сем мільярдаў? Гэта палова дзяржаўнага бюджэту?», – адзначыў спадар Някляеў.

Рух будзе выступаць за правядзенне вулічных акцыяў: «Так, выходзіць у Слоніме люд з транспарантамі за незалежнасць, дзяржаўнасць Беларусі. І калі людзей, якія выходзяць з такімі транспарантамі і заклікамі, пачынае біць міліцыя, якая прадстаўляе гэтую самую незалежную дзяржаву, то ўзнікае пытанне: што мы маем на сённяшні дзень у тым, што называецца беларускай уладай?»

Паводле Някляева, развіццё падзеяў у Беларусі змусіць людзей выйсці на вуліцы, але разам з гэтым дзеянні ўладаў таксама стануць больш актыўныя і наўпроставыя.

Глядзі яшчэ: Уладзімір Някляеў: «Не выключаю свайго ўдзелу ў выбарах». Размова з былым лідарам «Гавары Праўду»

Някляеў: Трэба ствараць народны рух без структураў і фэйкавых з’ездаў

МЯ, паводле svaboda.org

Стужка навінаў