Нягледзячы на загад Лукашэнкі, свінні ў Беларусі не размнажаюцца


Не гледзячы на загад Лукашэнкі тэрмінова аднавіць страчанае пагалоўе, свінакомплексы надалей не працуюць напоўніцу. Сёння на беларускіх фермах утрымліваецца 2,6 мільёна кабанчыкаў – амаль на 700 тысяч менш, чым да ўспышкі АЧС у мінулым годзе.

Прычым з кожным месяцам іх колькасць памяншаецца – усяго за апошнія тры месяцы пагалоўе беларускіх парсючкоў скарацілася амаль на 100 тысяч галоў.

«Гэта ж хуткаспелае мяса! Цягам года можна аднавіць пагалоўе. Вы ж бачыце, што людзі бегаюць: дай свініны, дзяцей карміць сёння няма чым», – абураўся кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да чыноўнікаў з Саўміна падчас нядаўняй паездкі ў Смалявіцкі раён.

На той момант, па дадзеных «Белстат», свінафермы згубілі на АЧС 16% пагалоўя. Каб хоць дапамагчы сельгаспрадпрыемствам, Мінэканомікі перастала рэгуляваць цэны на мяса – маўляў, рынак сам вырашыць, колькі каштуе свініна. Той адазваўся рэзкім скокам коштаў – у траўні свіное мяса падаражэла на 30%. Каб беларуская «скварка» з прадукту сацыяльнага не перайшла ў разрад далікатэсаў, прэзідэнт запатрабаваў тэрмінова запоўніць свінакомплексы.

Віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы паабяцаў прэзідэнту, што ўжо да канца гэтага года колькасць свіней будзе адноўлена. Аднак чым больш часу праходзіць з таго моманту, тым менш свіней становіцца ў Беларусі.

Між тым задачу нарошчваць пагалоўе ніхто не адмяняў. Кіраўнік Беларусі выдатна разумее, што ва ўмовах расейскага эмбарга на еўрапейскія прадукты нашыя свінкі – гэта сапраўднае золата. «Калі мы першымі паспеем на рынак са сваёй свінінай, мы будзем мець вялікія грошы», – адзначыў Лукашэнка на сёлетняй нарадзе аб мерах па аднаўленні аб’ёмаў вытворчасці свініны.

Як змусіць размнажацца нашых парсючкоў пакуль ніхто не ведае. Некаторыя прадпрыемствы набываюць парасят за мяжой – імпарт жывых свіней у гэтым годзе вырас у 4 разы. Іншыя разлічваюць на ўласныя сілы. Напрыклад, свінакомплекс «Усходні», што ў Баранавіцкім раёне. Тут ужо рыхтуюцца да павелічэння пагалоўя: мадэрнізуюць старыя цэхі, будуюць новыя, карэктуюць тэхналогію вытворчасці свініны. Нягледзячы на ўсе гэтыя захады прырост пагалоўя вельмі сціплы: па дадзеных «Белстат», усяго 300-800 свіней у месяц. І гэта пры тым, што да 1 красавіка 2015 свінакомплекс павінен павялічыць пагалоўе на 50 тысяч!

Юля Харкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў