Нягледзячы на забарону Менгарвыканкаму Уладзімер Някляеў адзначыць 70-годдзе публічным чытаннем вершаў


Паэт хацеў адзначыць юбілей у скверы Янкі Купалы, але сталічныя ўлады ягоную заяўку не задаволілі.

«Традыцыя літаратурных чытанняў існуюць ва ўсіх еўрапейскіх сталіцах. І зараз мяне з нагоды юбілею запрашаюць у Хельсінкі і Стакгольм, Нью-Ёрк, Вільню і Варшаву. А вось у родным горадзе я госць не пажаданы. Спачатку мне заміналі выдаваць вершы, цяпер забараняюць іх чытаць», – напісаў Уладзімір Някляеў у сваім Facebookʼу.

Паэт нагадаў, што традыцыя літаратурных чытанняў ля помніка Янкі Купалы мае даўнюю традыцыю.

«Свае вершы ў юбілейныя дні там чыталі Максім Танк, Аркадзь Куляшоў, Пімен Панчанка, Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, маладыя паэты… На гэта нават у савецкія, у самыя рэпрэсіўныя часы не патрабавалася ніякага дазволу», – адзначае ён і дадаў, што нягледзячы на забарону, прыйдзе да помніка чытаць свае вершы.

«Пасля Плошчы 2010 года, пасля збіцця, шпіталю, пасля турмы я меркаваў, што ведаю пра цяперашнюю беларускую ўладу ўсё. Аказалася – не. Такой дробязнай помслівасці не чакаў. Гэта адкрыта выяўленая знявага. А я не дазваляў зневажаць сябе нікому і ніколі. Ні ў турме, ні на волі. Таму я прыйду 11 ліпеня а 19:00 у Купалаўскі сквер. Да помніка Янку Купалы, да якога прыходзіў заўсёды. І буду, як заўсёды, чытаць вершы. Калі слухаць мяне прыйдзе толькі адзін чалавек, я буду чытаць вершы гэтаму аднаму чалавеку».

ДР belsat.eu

Стужка навінаў