Нягледзячы на гарантыі бяспекі, чачэнскія сілавікі працягваюць ціск на Амрыева


Праграма «Вот так» пра Амрыева

Байца ММА з Чачні Мурада Амрыева, з удзелам якога на мяжы Беларусі ды Расеі нядаўна адбыўся скандал, дазнаўца Старапрамыслоўскага аддзелу паліцыі Грознага Акуеў прымушае да прызнання віны.

Пра гэта піша расейскае выданне «Новая газета».

Гэта ўжо другая ўмова, якую высунулі спартоўцу і ягонай сям’і. Першай умовай было адмовіцца ад паслугаў адваката Пятра Заікіна, якога для абароны інтарэсаў Мурада Амрыева нанаў Камітэт па перадухіленні катаванняў.

Амрыева вінавацяць у тым, што ў 2001 годзе, калі яму было 16 гадоў, ён нібыта падаў у пашпартны аддзел Ленінскага раёну Грознага ілжывыя звесткі для атрымання пашпарта, паказаўшы годам свайго нараджэння 1986-ы замест 1985-га. У лістападзе 2013 года Амрыеў пры допыце ў якасці сведкі падаў у міжраённы следчы аддзел Грознага пашпарт, у якім былі пазначаныя «загадзя ілжывыя звесткі пра год яго нараджэння».

Паводле версіі Амрыева, ён атрымаў пашпарт на падставе копіі пасведчання аб нараджэнні, якое яму было выдадзена узамен згубленых падчас ваенных дзеянняў у Чачэніі дакументаў. У копіі быў памылкова пазначаны год нараджэння і выпраўляць у 2001 годзе гэтую памылку ніхто не стаў. У Чачэніі ішлі баявыя сутыкненні, а Амрыеву трэба было атрымліваць пашпарт.

Па сцвярджэнні сваякоў Амрыева, яны неаднаразова звярталіся ў пашпартна-візавую службу Чачэніі для выпраўлення дадзенай памылкі, але выправіць нармальныя дакументы ў іх не атрымалася.

У 2013-м Мурада Амрыева затрымалі паліцыянты – па сутнасці, як закладніка: каб прымусіць да вяртання з-за мяжы ягонага старэйшага брата (паводле начальніка паліцыі Грознага Магамеда Дашаева Амрыеў-старэйшы прымаў удзел у замаху на яго).

Памылковы год нараджэння ў пашпарце Мурада даў паліцыі падставу для крымінальнага пераследу.

Затрыманне на мяжы

З нагоды ўнясення ў федэральную базу вышуку па ініцыятыве Старапрамыслоўскага аддзелу паліцыі (Амрыеў трапіў у вышук другі раз, першы раз пераслед быў спынены паводле тэрміну даўніны) расейскія сілавікі затрымалі спартоўца на мяжы з Беларуссю. Яго збіраліся перадаць у рукі чачэнскіх праваахоўнікаў, аднак Амрыеву ўдалося ўцячы ад іх. Ужо 8 чэрвеня Мурада Амрыева затрымалі беларускія памежнікі падчас няўдалай спробы ўехаць ва Украіну (у Мурада від на жыхарства ў гэтай краіне). Пазней Беларусь выдала Амрыева, які хацеў папрасіць прытулку ў нашай краіне, чачэнскім аператыўнікам, што супярэчыла як заканадаўству Беларусі ды Расеі, так і міжнароднаму праву.

Міжнародны рэзананс і працяг ціску

Справа атрымала розгалас, дзякуючы чаму чачэнскія ўлады далі публічныя гарантыі Мураду Амрыеву і ягонай сям’і. Дазнаўца Акуеў выказаў намер спыніць крымінальны пераслед ужо на наступны дзень пасля таго, як Амрыева даставілі канвоем у Грозны.

Аднак прайшло некалькі дзён і, нягледзячы на гарантыі, дадзеныя асабіста першым намеснікам міністра МУС па Чачэнскай рэспубліцы Апці Алаўдзінавым, яго падначаленыя дзейнічаюць насуперак гэтым абяцанням. Зараз яны прымушаюць Мурада Амриева, які пад ціскам ужо адмовіўся ад свайго адваката Пятра Заікіна, нанятага Камітэтам па перадухіленні катаванняў, напісаць, па сутнасці, «яўку з павіннай».

У каментары «Новай газеце» член чачэнскага СПЧ Хеда Саратава пацвердзіла, што супрацоўнікі паліцыі сапраўды спрабавалі атрымаць ад Мурада прызнанне віны. Мурад адмовіўся гэта рабіць і, паводле Саратавай, сёння падаў хадайніцтва аб спыненні крымінальнай справы па заканчэнні тэрмінаў даўніны. На адказ у следчага паводле закону ёсць трое содняў.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu, паводле «Новая газета»

Глядзі таксама
Каментары