Нягледзячы на другую забарону, Макс Корж выступіў у Кіеве


Першы выступ спевака за апошнія паўтары гады забароны на ўезд адбыўся 23 снежня ва ўкраінскай сталіцы.

У Instagram ён апублікаваў фота на ўездзе ў Кіеў і фота старонкі пашпарту з пячаткай, якую яму паставілі ў аэрапорце «Барыспаль».

Макс Корж атрымаў паўторную забарону на ўезд ва Украіну ў лістападзе. 17 снежня музыка прэзентаваў свой чацвёрты альбом у беларускай сталіцы і сабраў поўную «Менск-арэну».

Спеваку забаранілі ўезд ува Украіну ў лютым 2016 года на 5 гадоў праз яго несанкцыяваны выступ у Крыму ў 2015-ым. Падчас забароны Корж усё ж такі наведваў Украіну прыватна.

Афіцыйны Кіеў лічыць Крым часова акупаванай тэрыторыяй, якая не кантралюецца ўкраінскімі ўладамі. Кабінет міністраў зацвердзіў асаблівы парадак уезду на паўвостраў. Замежнікі патрапіць туды могуць толькі маючы абгрунтаваныя прычыны, сярод якіх «наяўнасць сваякоў на тэрыторыі паўвострава альбо права ўласнасці, смерць сваякоў, выкананне дыпламатычных функцый ці абарона нацыянальных інтарэсаў Украіны». Турызм ці канцэртная дзейнасць у спісе дазволеных прычын уезду не значацца. Сам дазвол трэба атрымоўваць у Кіеве.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў