Нядбайнасць будаўнікоў справакавала патоп у доме, дзе жыў Быкаў


Вясновы лівень абярнуўся катастрофай з-за бутэлькі, якая забіла ліўнёўку.

У шматпавярховіку па вуліцы Парыжскай Камуны, 9 у нядзелю стаўся сапраўдны патоп: вада прабіла сцяну (!) ды хлынула па паверхах уніз. Ліквідацыя наступстваў катастрофы заняла ў супрацоўнікаў ЖЭСу ды МНС амаль шэсць гадзінаў. Цягам гэтага часу ў доме была адключаная электрычнасць: вада пайшла па выключацелях ды электраправодцы.

IMG_5319 bs

«Прычынай бедства стала нядбайнасць будаўнікоў, якія пакінулі смецце на даху, – сведчыць жыхар дому Максім, – бо дах быў зачынены і трапіць туды аніхто іншы не мог. Дождж змыў у вузкую трубу ліўнёўкі пластыкавую бутэльку, якая «запячатала» яе на пэўным этапе. Калі набралася крытычная колькасць вады – яна прабіла трубу ды сцяну і хлынула ў пад’езд…»

Будаўнічае смецце на даху, як сцвярджае Максім, можна было пабачыць адразу, калі супрацоўнікі камунальных службаў туды зайшлі. На наступны дзень ад гурбаў засталіся толькі сляды – усё ўжо было прыбрана.

IMG_5292 bs

На шчасце, кватэры падчас патопу не пацярпелі – больш за ўсё дасталося пад’езду, дзе рамонт рабіўся літаральна пару год таму. Падобны выпадак у доме адбыўся ўпершыню.

IMG_5361 bs

Шматпавярховік, дарэчы, ад пачатку будаваўся як элітны. Пэўны час тут жыў нават пісьменнік Васіль Быкаў, а пасля ягоная першая жонка. Зараз шмат кватэраў належыць гарадзенскім чыноўнікам гарадскога ды абласнога маштабаў.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў