Новы амбасадар Польшчы піша ў «Тўітэры» па-беларуску


У допісе дыпламат распавёў пра сустрэчу з кіраўніком беларускай дыпламатыі.

Службу ў Менску распачаў новы амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі. Сёння ён паведаміў пра гэта ў «Тўітэры» па-беларуску.

«Сёння я ўручыў копіі даверных грамат Міністру замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзіміру Макею і пачну працу ў якасці Пасла Польшчы ў Беларусі», – напісаў Артур Міхальскі.

Артур Міхальскі атрымаў прызначэнне міністра замежных спраў Яцэка Чапутовіча 17 траўня. Праз некалькі дзён кандыдатуру зацвердзіў прэзідэнт Анджэй Дуда.

Новы пасол Польшчы – выпускнік варшаўскай Акадэміі каталіцкай тэалогіі. У 1991–96-м ён быў другім, а потым стаў першым сакратаром польскай амбасады ў Маскве. Пазней Міхальскі ўзначаліў Расейскі аддзел Цэнтру ўсходніх даследаванняў.

У дзевяностых ён працаваў у Аддзеле Усходняй Еўропы ў польскім МЗС. У 2000–2004 гадах ён быў першым сакратаром, а затым дарадцам амбасады Польшчы ў Вашынгтоне. З 2004 па 2006 годзе працаваў у Аддзеле Амерыкі польскага МЗС. У 2006-2010 гадах кіраваў амбасадай Польшчы ў Атаве.

Пасля вяртання ў Варшаву стаў намеснікам дырэктара, а пазней – дырэктарам Усходняга аддзелу МЗС Польшчы.

У 2012–2017 гадах ён быў амбасадарам Польшчы ў Малдове.

Артур Міхальскі замяніў на пасадзе амбасадара Польшчы ў Беларусі Конрада Паўліка, які служыў у Менску з сакавіка 2016-га да студзеня 2018 года.

ДД/сеz

Стужка навінаў