Новыя знаходкі на гарадзенскім замку


Элементы барочнага дэкору, страчаныя за савецкім часам, археолагі знайшлі ў …фундаментах гаспадарчых будынкаў на Замкавай гары.

Даследаванні зараз вядуцца перад уваходам у Стары замак каля аркі часоў Сцяпана Батуры, а таксама ўздоўж сцяны з боку Нёману. Перад пачаткам маштабных раскопак давялося знесці некалькі гаспадарчых будынкаў, пастаўленых на Замкавай гары ў пасляваенныя гады, што і прывяло да серыі нечаканых знаходак.

«Мы доўгі час задаваліся пытаннем, куды зніклі выкапаныя ў міжваенным часе Ядкоўскім каменныя элементы дэкору са Старога і Новага Замку, – распавядае малодшы навуковы супрацоўнік музею Янка Лялевіч, – Усе ведаюць пра герб эпохі Сасаў, які вісеў на франтоне Новага Замку. Ён захаваўся і экспануецца там жа на прыступках. А астатнія элементы, якія мы бачым на фота 1930-х таямнічым чынам зніклі. Аказалася, што з некаторых элементаў дэкору наўпрост зрабілі фундамент для гаспадарчых пабудоваў!»

Іншыя барочныя фрагменты былі знойдзеныя пры ўваходзе ў замак, дзе раскопкі ажыццяўляліся па контуру цеплатрасы, пракладзенай за саветамі. Адзін з найцікавейшых – барочны элемент з выявай сонейка, які выразна бачны на фота з раскопак Юзэфа Ядкоўскага 1930-х гадоў.

«Цяжка сказаць, чаму ён разламаны на некалькі аскепкаў, – працягвае Лялевіч, – Ці гэта было нейкае падзенне, ці неахайнасць, ці наўмыснае знішчэнне… Зараз гэта высветліць ужо немагчыма. Але ведаючы савецкіх археолагаў, для якіх слаі пазнейшыя за XV ст. часта не ўяўлялі каштоўнасці, можна меркаваць, што гэтымі элементамі проста пагрэбавалі. А рабочыя, якія пракладалі цеплатрасу, яшчэ і даламалі па-варварску…»

Галоўнае, аднак, на думку археолагаў, што каштоўныя артэфакты не былі вывезеныя на сметнік, а захаваліся хаця б у такім выглядзе. Хутчэй за ўсё, гэта былі элементы дэкору з бакавых парталаў Новага замку, які будаваўся ў XVIII ст. акурат падчас моды на барока.

З выяўленых фрагментаў, памерам ад 10 см да паўметра, пад сцяной замку ўжо ўтварылася нешта накшталт «саду камянёў». Паспрабаваць сабраць з гэтага «пазлу» цэльную карціну будзе ўжо чарговым этапам працы.

Пасля разборкі гаспадарчых пабудоваў, археолагі пайшлі далей уніз, расчысціўшы сцяну XVІ ст. Тут размяшчалася вінтавая лесвіца, якая вяла ў сярэднюю замкавую вежу.

«Кладка, на жаль, вельмі слабая, цэглу з яе можна даставаць рукамі, – разводзіць рукамі археолаг Наталля Кізюкевіч, – Таму пасля сканчэння раскопак магутныя 2-мятровыя сцены мы, канешне, пакінем і людзі іх змогуць убачыць, але танчэйшыя ўнутраныя перагародкі будуць засыпаныя пяском. Захаваць іх па-іншаму зараз немагчыма».

Знаходкі ў гэтай частцы раскопак гэта ў асноўным косці жывёлінаў, аскепкі керамікі, дахоўка. Наталля паказвае таксама каталіцкі медальён, манету XVII ст., каваны элемент з паўмесяцам – магчыма фрагмент крыжа.

[vc_single_image image=”7″ img_size=”large”]

Раскопкі на Старым замку трывацьмуць да верасня.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў