Новыя жорсткія закалоты ў Гон-Конгу. Паліцыя выкарыстала дручкі і газ


Новы тыдзень для Гон-Конгу распачаўся новымі сутыкненнямі з паліцыяй. Як падае «Reuters», гэта найбольш жорсткія закалоты за некалькі апошніх тыдняў. Шмат хто з пратэстоўцаў атрымалі раненні ў галаву. Натоўп у некалькі тысячаў людзей спрабаваў штурмаваць урадавыя будынкі. Мітынгоўцы патрабуюць поўнай дэмакратыі і палітычнай рэформы.

Раніцаю паліцыя змагла адблакаваць вуліцу, дзе месціцца ўрадавы цэнтр, стрымліваючы натоўп дручкамі і слезацечным газам. Затрыманыя 28 асобаў.

Дэманстрацыі студэнтаў

Гэта самая масавая дэманстрацыя студэнтаў з 1997 года, калі былая брытанская калонія вярнулася пад уладу Кітаю. Студэнты патрабуюць ад Пекіну адмяніць абмежаванні на выбарах кіраўніка адміністрацыі Гон-Конгу ў 2017 годзе, а таксама адстаўкі кіраўніка мясцовай адміністрацыі Лён Чунь Іна.

Хваля пратэстаў не спыняецца ўжо другі месяц. Пік сутычак прыйшоўся на першы тыдзень кастрычніка. Тады на вуліцы выйшлі дзясяткі тысяч жыхароў.

ДР, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары