Новыя содні і штрафы: Максіму Вінярскаму 10 содняў арышту, Наталлі Папковай 460 рублёў за хуліганства


Актывіст «Еўрапейскай Беларусі» падчас адбыцця арышту за Дзень Волі атрымаў яшчэ 10 содняў за Курапаты. Пра гэта паведаміла Вольга Нікалайчык, якая выйшла на волю з Акрэсціна па абедзе 4 красавіка.

«Як мяне выводзілі, дык гучала ў калідоры маё прозвішча. І тады я пачула голас Максіма Вінярскага. Ён крыкнуў, што атрымаў яшчэ 10 дзён за Курапаты. Што адмыслова вывозілі ў суд перад заканчэннем тэрміну за Дзень Волі. Перадаваў усім прывітанне. Яшчэ чула голас Леаніда Кулакова. І ён усім перадаваў прывітанне», – распавяла Свабодзе Вольга Нікалайчык.

27 сакавіка Першамайскі раённы суд Менску асудзіў Максіма Вінярскага нібыта за дробнае хуліганства і непадпарадкаванне на 8 содняў.

Менскаму таксісту і грамадскаму актывісту Леаніду Кулакову далі найбольшы тэрмін з прызначаных за Дзень Волі – ажно 25 содняў.

Актывістцы «Маладой Беларусі» Наталлі Папковай прысудзілі 20 базавых велічыняў (460 рублёў) штрафу за хуліганства паводле нейкага пратаколу ад 30 сакавіка. Нібыта яна зняважыла некага з супрацоўнікаў міліцыі.

Наталля Папкова цяпер адбывае 5 содняў за ўдзел у акцыі недармаедаў. Яе павінны выпусціць а 15-ай гадзіне 5 красавіка.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў