Новыя правілы прыёму ў ВНУ: некаторыя выпускнікі будуць адпрацоўваць пяць гадоў замест двух


Кіраўнік краіны падпісаў указ пра змены правілаў прыёму ў ВНУ і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Цяпер будучыя студэнты змогуць здаваць ЦТ па чатырох прадметах. Раней здавалі тры – беларуская альбо расейская мова былі абавязковыя. Цяпер можна будзе здаць адразу дзве мовы, а пасля выбраць сертыфікат з лепшым вынікам. Калі абітурыент упэўнены, куды хоча падаваць дакументы і якія іспыты хоча здаваць, то не абавязаны здаваць чатыры.

Сертыфікаты ЦТ будуць дзейнічаць цягам двух гадоў. То бок, калі абітурыент не паступіць у 2017-ым, то зможа з гэтымі вынікамі стартаваць ва ўступнай кампаніі ў 2018-ым.

Палёгка чакае выпускнікоў профільных педагагічных класаў пры паступленні на педагагічныя спецыяльнасці. На настаўніка можна будзе толькі прайсці сумоўе ў ВНУ. Аднак тэрмін размеркавання тады складзе пяць гадоў замест двух.

Уладзімір Дунаеў пра змены

У каментары «Белсату» чалец Грамадскага Балонскага камітэту Уладзімір Дунаеў пазітыўна ацаніў павелічэнне колькасці прадметаў у тэставанні з 3 да 4, бо гэта «пашырае доступ да вышэйшай адукацыі, робячы гібкім працэс пошуку спецыяльнасці». Пры гэтым эксперт выказаў і крытыку:

«Ёсць іншы бок справы: змяненне працягласці адпрацоўкі па размеркаванні для тых, хто паступае на ільготных умовах у педагагічныя ВНУ. Павелічэнне тэрмінаў адпрацоўкі з 2 да 5 гадоў – абсалютная супярэчнасць абавязальніцтвам Беларусі па дарожнай карце Балонскага працэсу. Такім чынам пастановы супярэчлівыя: ёсць нейкія слабыя рухі ў накірунку балонскіх абавязальніцтваў, з іншага боку ёсць гэтае павелічэнне працягласці адпрацоўкі».

Павелічэнне тэрмінаў адпрацоўкі на фоне агульнай сітуацыі з размеркаваннем нельга патлумачыць, кажа Уладзімір Дунаеў:

«Насуперак здароваму сэнсу дзяржава трымаецца за інструмент, які страціў хоць нейкую эфектыўнасць і закрывае вочы на рэальныя праблемы».

Таксама для абітурыентаў увядуць тры рэзервовыя тэрміны тэставання.

Да таго ж дакумент стварае роўныя ўмовы конкурсу ва ўсе ВНУ пры паступленні на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці. Для тых, хто паступае ў скарочаны тэрмін у ВНУ ўсіх профіляў, прадугледжваюцца два ўступныя іспыты па школьных дысцыплінах. Гэтыя прадметы вызначаюцца прыёмнай камісіяй ВНУ.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў