Новыя падрабязнасці пра беларускага сілавіка, які вёз у Літву патроны


Пракуратура Літвы паведаміла, што беларусу і ягонай жонцы, у аўце якіх на мяжы знайшлі баявыя патроны, прад’явілі абвінавачанні ды абралі захаду стрымання.

У дачыненні да затрыманай беларускай пары правялі першасныя следчыя дзеянні. Ім прад’явілі абвінавачанні ў нелегальным перавозе баявых патронаў. Каб падазраваныя не ўцяклі ад следства і не змаглі перасячы мяжу, у іх забралі дакументы. Гэткую заяву распаўсюдзіла ў сераду Генеральная пракуратура Літвы.

Падчас расследавання пракуратура атрымала інфармацыю, што кіроўца аўтамабіля «Honda CR-V», зарэгістраванага ў Рэспубліцы Беларусь – грамадзянін Беларусі Д.К., які займае ў сваёй краіне пасаду высокага чыноўніка праваахоўных органаў.

Як паведамлялася раней, ён разам са сваёй жонкай, грамадзянкаю Беларусі А.К., ехаў дадому пасля наведвання Літвы ў прыватных мэтах. Пра затрыманне дваіх грамадзянаў Беларусі праінфармавалі амбасаду РБ у Вільні, пасля чаго пракуратура атрымала ад яе супрацоўнікаў просьбу аб тэрміновай сустрэчы з Д.К. Просьба была задаволеная.

У нядзелю позна ўвечары на пераходным пункце Мядзінінкай літоўская мытня выявіла ў аўце «Honda CR-V» некалькі дзясяткаў 9-меліметровых патронаў «Luger». Крымінальная служба мытні Літвы ініцыявала дасудовае расследаванне, каб высветліць абставіны здарэння.

Дасудовае расследаванне у справе кантрабанды патронаў вядзе Віленская акружная пракуратура.

Наста Яўмен, belsat.eu

Стужка навінаў