Новы выбух на нафтабазе пад Кіевам. Ужо загінулі чатыры асобы


Паводле відавочцаў, выбух прагрымеў а 5:30 раніцы паводле мясцовага часу. Пра гэта піша ўкраінскі тэлеканал «112 Украіна».

У выніку інцыдэнту загінулі чатыры асобы. Дзесяць пацярпелых знаходзяцца ў шпіталях, стан аднаго з іх медыкі ацэньваюць як цяжкі.

З агнём змагаюцца дзясяткі адзінак тэхнікі і ратавальнікаў. На раніцу 10 чэрвеня цалкам згарэлі 4 ёмістасці з 17.

Паводле ратавальнікаў, ліквідацыя абцяжарваецца тым, што падпаленыя рэзервуары з палівам знаходзяцца блізка адзін да аднаго. Цяпер працягваюць гарэць тры рэзервуары.

Пажар на нафтабазе «БРСМ-Нафта» пачаўся 8 чэрвеня. Загарэўся рэзервуар з палівам аб’ёмам 900 кубаметраў. Спачатку супрацоўнікі нафтабазы спрабавалі патушыць полымя самастойна. Раніцай 9 чэрвеня гарэлі ўсе рэзервуары нафтасховішча, агонь мог перакінуцца на суседнюю нафтабазу і вайсковую частку з арсеналам. Таксама паведамлялася, што загарэўся размешчаны непадалёк лясны масіў, але пажарныя здолелі спыніць яго ўзгаранне.

Чыноўнікі разглядалі некалькі версіяў здарэння: парушэнне правілаў бяспекі і дыверсія.

ДР, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары