Новы сведка забойства Нямцова. Яго паказанні абвяргаюць папярэднія высновы следства


Яшчэ адным сведкам забойства Барыса Нямцова ў Маскве быў 27-гадовы менеджар адной з маскоўскіх фірмаў на імя Яўген.

Па дадзеных крыніцы, блізкай да следства, на якую спасылаецца газета «Коммерсант», украінская мадэль Ганна Дурыцкая, якая суправаджала Барыса Нямцова, была не адзіным сведкам забойства палітыка. За парай у момант нападу на Вялікім Москварэцкім мосце, як высветлілася, ішоў 27-гадовы менеджар адной з фірмаў на імя Яўген (ягонае прозвішча не называецца следствам).

На галаве Яўгена былі надзетыя навушнікі, у якіх гучна грала музыка, а глядзеў ён пераважна на экран смартфона, змяняючы кампазіцыі. Таму стрэлаў ён не чуў і сам момант нападу не бачыў. Зірнуўшы ў чарговы раз на дарогу, малады чалавек заўважыў замест адзінокай пары, якая ішла наперадзе, цэлую групу людзей. Пры гэтым мужчына (а гэта быў Барыс Нямцоў), які ішоў раней са сваёй спадарожніцай, ляжаў на тратуары каля парэнчаў моста. Яго дзяўчына (Ганна Дурыцкая) стаяла каля ўпалага, а яшчэ адзін мужчына (меркаваны кілер) скакаў у гэты момант праз бардзюр, які падзяляе тратуар і праезную частку моста.

Асобу, якая ўцякала, Яўген бачыў са спіны. Гэта быў мужчына сярэдняга росту, хударлявага целаскладу і з цёмнымі, магчыма хвалістымі, валасамі сярэдняй даўжыні. Малады чалавек адзначыў, што меркаваны забойца, нягледзячы на ​​холад і вецер, быў без курткі. На мужчыне былі сінія джынсы, якія здаліся сведку занадта вялікімі для ўладальніка, і такая ж «мехаватая», па ягоных словах, цёмная талстоўка з капюшонам. Гэтае апісанне не адпавядае знешнасці абвінавачанага раней у забойстве Заура Дадаева – буйнога мужчыны, які мае спартовы целасклад.

Мужчына, які ўцякаў, як паведаміў Яўген, сеў на задняе сядзенне машыны расейскай вытворчасці, падобнай на «Прыёру», белага колеру, хоць следства потым устанавіла, што кілеры паехалі на «ZAZ Chance».

Пры гэтым сведка заўважыў на месцы здарэння яшчэ адну, як яму падалося, даволі дзіўнай пару. Ля ляжачага мужчыны нейкім чынам з’явіліся дзяўчына і жанчына сярэдніх гадоў у чорным футры. Перакінуўшыся некалькімі фразамі са спадарожніцай Нямцова, абедзве дамы спусціліся сходкамі з тратуара на набярэжную Масквы-ракі.

Калі Яўген нахіліўся да мужчыны, той ляжаў на баку тварам да парэнчаў і быў жывы, «выдаваў нейкія хрыпы або стогны». Яўген паспрабаваў падняць яго, аднак, убачыўшы ля твару «невялікую колькасць ванітаў», вырашыў, што мужчына проста п’яны.

Дзяўчына, па словах Яўгена, выглядала напужанай, плакала, пастаянна паўтараючы: «Што з ім?», «Што з ім?» і «Толькі не пакідайце мяне тут адну». Нарэшце, дзяўчына паведаміла Яўгену, што ў ейнага спадарожніка стралялі. Тады малады чалавек падышоў да мужчыны ў другі раз, аднак яму заставалася толькі пераканацца ў тым, што чалавек памёр. «На вопратцы ўпалага з боку спіны я выявіў невялікія адтуліны ад куль, – распавёў Яўген. – Падняў яго галаву, спадзеючыся неяк дапамагчы, але ўбачыў, што погляд мужчыны ўжо ашклянеў».

Нестыкоўкі ў паказаннях Заура Дадаева, які папярэдне прызнаў сваю віну, і сведкі Яўгена адвакаты плануюць выкарыстоўваць як доказ недатычнасці затрыманага чачэнца да забойства. Абарона мяркуе, што абвінавачваны мог агаварыць сябе.

МЯ, паводле kommersant.ru

Стужка навінаў