Новы спіс «дармаедаў» будзе гатовы да 1 красавіка


Міністэрства працы і падаткавікі да 1 красавіка складуць новы спіс асобаў, якія «не ўдзельнічаюць у фінансаванні» дзяржвыдаткаў.

Міністр па падатках і зборах Уладзімір Муквіч заявіў, што новы спіс будзе карацейшы. Цяпер чыноўнікі мяркуюць, што рэальная колькасць «дармаедаў» меншая, чым меркавалася раней: «лісты шчасця» разаслалі прыкладна 500 тысячам беларусаў.

Раней паведамлялася, што дэпутаты Палаты прадстаўнікоў падрыхтавалі папраўкі ў Дэкрэт №3. Гэтак са спісу «дармаедаў» выкрасляць прызыўнікоў, цяжарных жанчын, што ляжаць у радзільнях «на захаванні», студэнтаў дзённай формы навучання, асобаў, што стаяць на ўліку ў псіханеўралагічных дыспансерах. Таксама палёгку могуць атрымаць тыя, хто мае ва ўладанні зямельны надзел незалежна ад зафіксаванага ў дакументах мэтавага прызначэння.

Скандальны дэкрэт аб «дармаедах» паставілі на паўзу, пра гэта стала вядома 9 сакавіка.

«Цягам сакавіка, калі трэба, нам трэба падкарэктаваць гэты дэкрэт. Але дэкрэт адмяняцца не будзе. Перадайце перш за ўсё чыноўнікам, што ён будзе выконвацца з тымі карэктыроўкамі, пра якія я сказаў», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

«Я, натуральна, назіраю, наколькі гэта магчыма, і адсочваю гэтую пісаніну ў медыях – і апазіцыйных, і праўладных. І ведаю заявы прадстаўнікоў пятай калоны і яшчэ некаторыя рэчы, чаго грамадства не ведае. Хоць намёк у медыях на гэта быў», – заявіў Лукашэнка.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў