Новы палітзняволены. Юрыю Рубцову прысудзілі 2,5 гады «хіміі»


Актывіста з Гомлю прызналі вінаватым паводле артыкулу «Абраза суддзі». Прысуд выносіла суддзя Цэнтральнага раёну Наталля Вайцехоўская. Да выраку прымянілі амністыю, такім чынам рэальны тэрмін скараціўся да 1,5 гадоў.

Як абраза былі расцэнены словы актывіста ў адрас суддзі суда Савецкага раёна Кірыла Палулеха, які вёў яго адміністрацыйны працэс пасля акцыі «Чарнобыльскі шлях» 28 красавіка ў Менску.

Раней Юрый Рубцоў заяўляў журналістам, што крымінальны пераслед у дачыненні да яго пачаўся з-за таго, што на судзе 28 красавіка ён узняў тэму карумпаванасці судоў. «На судзе я фактычна стаў гаварыць аб тым, што паміж судамі і выканаўчай уладай заключана сакрэтнае пагадненне. Улада закрывае вочы на тое, што суддзі робяць з пратаколамі судовых пасяджэнняў, у абмен на тое, што суддзі выносяць патрэбныя ўладзе рашэння ў дачыненні да палітычных актывістаў, якія пасля становяцца палітзняволенымі», – тлумачыў гомельскі актывіст.

На першым судовым пасяджэнні, якое прайшло 16 верасня, Рубцоў заяўляў, што 28 красавіка яго даставілі ў суд няголеным і без акуляраў, што абражала ягоную годнасць. Паколькі ён быў без акуляраў, то не змог азнаёміцца з матэрыяламі справы, таму і заявіў, што гэта «не суд, а судзілішча».

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч, які сачыў за судовым разборам, заявіў, што асуджэнне Рубцова на абмежаванне волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу, азначае з’яўленне ў Беларусі новага палітзняволенага.

53-гадовы Юрый Рубцоў неаднаразова затрымліваўся і быў асуджаны за ўдзел у масавых акцыях апазіцыі. На шматлікія акцыі ён прыходзіў у майцы з апазіцыйнымі лозунгамі, у сувязі з чым атрымаў мянушку «чалавек у майцы».

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў