Следчы камітэт раскрывае падрабязнасці новага інцыдэнту на АЭС


6 снежня ў інтэрнэце з’явілася інфармацыя, што на будоўлі Астравецкай АЭС загінуў яшчэ адзін рабочы.

«Толькі што атрымаў званок: два дні таму на Астравецкай АЭС загінуў рабочы. Кажуць, малады хлопец, толькі з войска прыйшоў, сарваўся з вышыні – і насмерць», – пісаў Павел Севярынец у сваім Facebook.

Звесткі пра здарэнне пацвердзіў прадстаўнік Следчага камітэту Гарадзенскай вобласці Сяргей Шаршаневіч.

Здарэнне было, але чалавек выжыў. Паводле Шаршаневіча, 2 снежня будаўнік спатыкнуўся на лесвіцы, што вяла ў падвал, у выніку чаго атрымаў пералом косці сцягна. Вядзецца праверка.

Усяго за час будовы на абʼекце адбылося па меншай меры 10 выпадкаў. Паводле намесніка міністра энергетыкі Міхаіла Міхадзюка, тры з іх скончыліся смерцю. Чыноўнік заявіў, што ўсе няшчасныя выпадкі здарыліся па віне саміх працаўнікоў.

Першы энергаблок БелАЭС плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў 2019 годзе. Кошт будаўніцтва можа вырасці на 50,6 млрд расейскіх рублёў альбо на $ 675 млн.

ДР belsat.eu паводле БелаПАН

Стужка навінаў