Новы міністр лясной гаспадаркі: па карупцыі зрабілі сур’ёзныя высновы

ВІДЭА

Віталь Дрожжа

Пасля выяўлення фактаў карупцыі ў лясной гаспадарцы Беларусі зробленыя сур’ёзныя высновы, заявіў новы кіраўнік Мінлясгасу Віталь Дрожжа.

Размаўляючы з журналістам дзяржтэлебачання пра карупцыю ў міністэрстве, Віталь Дрожжа зазначыў:

«Сапраўды меў месца негатыў. Каля 12 выпадкаў. Калі ўлічыць, што ў галіне працуе каля 36 тыс. асобаў, я б не сказаў, што ў галіне сур’ёзная карупцыя. Ёсць пытанне чалавечага фактару. Мы над гэтым працуем».

Паводле міністра, зробленыя сур’ёзныя высновы і прынятыя захады. З 2020 году галіна пяройдзе на электронны ўлік нарыхтаванай драўніны.

«Гарачы каментар» пра карупцыю ў Беларусі

«Гэта дазволіць мінімізаваць у працэсе ўдзел чалавека. Усё будзе рабіць камп’ютар, уся драўніна будзе адразу станавіцца на ўлік. Гэта паспрыяе недапушчэнню здзяйснення карупцыйных злачынстваў», – сказаў Дрожжа.

У лютым стала вядома, што 12 чыноўнікаў Міністэрства лясной гаспадаркі, а таксама кіраўнік лесагаспадарчай галіны ў Віцебскай вобласці, былі затрыманыя КДБ у межах крымінальнай справы аб карупцыі. Адначасова Лукашэнка зняў з пасады міністра лясной гаспадаркі Міхаіла Амельяновіча – «за непрыняцце дзейсных мераў па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі правапарушэннямі».

НМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары