Новы корпус рэактара Беларускай АЭС неўзабаве адправяць на будаўнічую пляцоўку


Мантаж замененага корпуса рэактара АЭС пад Астраўцом пачнуць напрыканцы 2016 года. Пра гэта на адкрыцці Беларускага энергетычнага і экалагічнага форуму паведаміў міністр энергетыкі Уладзімір Патупчык.

Паводле яго, цяпер у завадскіх умовах сканчаецца выпрабаванне другога корпуса рэактара і ўжо ў гэтым месяцы яго павінны адправіць на будаўнічую пляцоўку.

«Мы плануем выкарыстоўваць яго для мантажу на першым энергаблоку», – сказаў Патупчык.

«Мы павінны былі прыступіць да мантажных прац рэактара на першым энергаблоку ў траўні. Рэальна зможам пачаць не раней канца бягучага года. Безумоўна, будуць ссоўвацца тэрміны будаўніцтва, але пры гэтым нам трэба шукаць рэзервы, каб кампенсаваць гэта адставанне », – заявіў чыноўнік.

Змена тэрмінаў уводу атамнай станцыі звязана з інцыдэнтам, які здарыўся на будпляцоўцы 10 ліпеня. Падчас выпрабавальнай трэніровачнай устаноўкі корпуса рэактара 330-тонны агрэгат сарваўся і ўпаў з вышыні ад двух да чатырох метраў. Расейскі бок заявіў пра гатовасць замяніць пашкоджаны корпус.

ДР belsat.eu паводле БелаПАН

Стужка навінаў