«Новы год меліся сустрэць у сваёй кватэры, а цяпер – на вуліцы…»


Каля трохсот сем’яў у Горадні паўгода не могуць заехаць ва ўласныя кватэры.

Шматкватэрны дом на Агінскага, 27 у мікрараёне Альшанка ў Горадні зараз стаіць пусты, хоць унутры ўжо фактычна ўсё зроблена. Яшчэ ў жніўні летась сюды мелі засяліцца людзі, якія адстаялі чаргу на жытло: шматдзетныя сем’і, сем’і з двума дзецьмі, «ільготнікі-інтэрнатчыкі», то бок людзі, якія пражылі дзесяць і больш гадоў у інтэрнаце.

Будынак павінны былі здаць 31 жніўня 2015 года, пасля тэрміны былі перанесеныя на лістапад, пасля – на снежань…

«Мы дзевяць гадоў стаім на чарзе як «ільготнікі-інтэрнатчыкі». Як далей жыць – проста не ўяўляю. Ведаю, што людзі сабе мэблю ўжо купілі для гэтых кватэраў. Усе спадзяваліся тут сустрэць Новы год. Атрымаць кватэру стае наўпрост нерэальна, а набыць – не з нашымі заробкамі», – тлумачыць Ірына Панасік.

Людзі ўжо звярталіся як у мясцовыя, так і ў рэспубліканскія органы ўлады. У Міністэрстве будаўніцтва ім кажуць, што такога быць не можа, бо грошы выдзеленыя, у выканкаме, маўляў, што грошаў на завяршэнне будаўніцтва няма. Ва УКСе кажуць, што чакаюць аплаты… Грамадзяне пісалі і ў Адміністрацыю прэзідэнта: адтуль ліст скіравалі назад у гарвыканкам.

Цікава, што акурат з 1 сакавіка набываюць моц папраўкі да 215 артыкулу ЖК, згодна якой «ільготнікі-інтэрнатчыкі» перастаюць быць пазачарговымі кандыдатамі на жытло. У выканкаме патэнцыйным уладальнікам кватэраў далі зразумець, што спісы кандыдатаў на жытло будуць сурёзна перагледжаныя.

«Мы хочам, каб нас пачулі. Мы хочам, каб нам дакладна сказалі: калі гэтыя дамы будуць уведзеныя ў эксплуатацыю? Ці будзе зменены кошт квадратнага метру з-за індэксацыі? Ці будуць змены ў спісах кандыдатаў на жытло?», – працягвае Ірына.

Паколькі людзі разлічвалі, што справа з кватэрамі вырашаная, шмат хто аддаваў дзяцей у садкі і школу на Альшанцы. А паколькі мікрараён знаходзіцца на самым ускрайку, цяпер дзяцей трэба вазіць праз увесь горад.

Аналагічная праблема, акрамя дому па Агінскага 27, датычыць і шматпавярховікаў па Агінскага 21 і 29. У кожным прыкладна па сто кватэраў, то бок разам – трыста сем’яў, а гэта каля тычячы чалавек.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў