Новы Генсек ААН прыняў прысягу


Лісабонец, інжынер з адукацыі Антонью Гутэрыш сёння прыняў прысягу генеральнага сакратара Арганізацыі Абʼяднаных Нацыяў. Ягоную кандыдатуру рэкамендавала Рада Бяспекі ААН.

Антонью Гутэрыш пайшоў у палітыку адразу пасля перамогі мірнай рэвалюцыі гваздзікоў у Партугаліі, якая распачала перыяд кіравання ліберальна-сацыялістычнай партыі. Прыхільнік дэкрыміналізацыі наркотыкаў, ён сем гадоў займаў пасаду прэмʼер-міністра Партугаліі і за гэты час паспеў мінімалізаваць праблему вірусу імунадэфіцыту чалавека ў краіне ды ў некалькі разоў павялічыць сацыяльныя выдаткі бюджэту. Сёння Гутэрыш заявіў, што верыць ува ўніверсальныя каштоўнасці:

«Страх – вось што матывуе шмат якія палітычныя рашэнні ва ўсім свеце, і мы мусім разумець страхі людзей, трымаючы ў полі зроку нашыя ўніверсальныя каштоўнасці. Мы мусім адбудаваць дачыненні паміж народамі ды ягонымі лідарамі. Надышоў час, каб лідары прыслухаліся і давялі, што гатовыя працаваць на агульную карысць».

Дзявяты генеральны сакратар Арганізацыі Абʼяднаных Нацыяў, а да гэтага – Вярхоўны камісар ААН у пытаннях уцекачоў, паставіў сабе задачу – вырашыць праблему эмігранцкага крызісу.

Паводле Гутэрыша, муры і забароны, што ствараюць некаторыя еўрапейскія краіны, не дапамогуць у гэтым пытанні.

УШ, belsat.eu

Стужка навінаў