Новы дзень прынясе Беларусі маразы і невялікі снег


10 студзеня ў нашай краіне слупкі тэрмометра апусцяцца да – 24. 

Сіноптыкі прагназуюць воблачнае з праясненнямі надвор’е, пераважна без ападкаў. Толькі па паўднёвым усходзе краіны пройдзе невялікі снег. У асобных раёнах магчымы слабы туман, галалёд захаваецца. Вецер будзе пераменных напрамкаў 2-7 м/с.

Уначы ад -11 да -17, месцамі пры праясненнях да -24 (у Менску — ад -12 да -14). Удзень ад -6 да -12.

За мінулыя выходныя ва ўстановы аховы здароўя звярнуліся 180 чалавек з пераахаладжэннем і абмаражэннямі. Паводле інфармацыі сталічнага МНС, ад пераахалоджвання за выходныя загінулі прынамсі 6 чалавек, дзясяткі пацярпелі.

Ратавальнікі раяць пры магчымасці не выходзіць з хаты, а, калі ўсё ж даводзіцца выйсці, добра апранацца. Пры абмаражэнні неадкладна даставіць пацярпелага ў цёплае месца.

Нізкія тэмпературы захаваюцца ў Беларусі яшчэ як мінімум пару дзён. У другой палове тыдня сіноптыкі прагназуюць павышэнне тэмператураў – яны не будуць падаць ніжэй за – 10, а часам і дасягнуць плюса.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў