Новы дом для народных мастакоў – прыватная мастацкая галерэя адкрылася ў Менску


Ужо само адкрыццё прыватнай мастацкай галерэі – падзея, рэдкая для Менску. А тым больш з такімі імёнамі! У новым «Доме карцінаў» абяцаюць паказаць творы Матыса, Далі, Пікасо, Шагала і Міро.

Галерэя, якая адкрылася ў Вяснянцы, стане домам не ўсім карцінам, а толькі напісАным народнымі мастакамі Беларусі. Такіх жывапісцаў і графікаў усяго 19 – ад Вітольда Бялыніцкага-Бірулі да Уладзіміра Тоўсціка. Ужо цяпер тут можна пабачыць збор з трохсот твораў беларускіх класікаў. А надалей плануецца чаргаваць нашых народных з сусветнымі імёнамі.

ЛАРЫСА БОРТНІК, ДЫРЭКТАРКА ГАЛЕРЭІ:

«Гэта сур’ёзная заяўка. У нас дастаткова вялікая тэрыторыя, каб прымаць буйныя выставы. А вось для таго, каб дамовіцца пра гэта, патрэбен талент камунікатара, абаянне, сувязі – гэта не так складана, як можа падавацца».

Першымі гасцямі «Дому» з замежных прыватных калекцыяў ужо ў кастрычніку стануць Матыс, Шагал і Далі – 229 графічных працаў. Таксама ёсць дамова пра выставу пецярбургскага музею «Эрарта». А ў больш далёкай перспектыве маячаць імёны Пікасо, Міро і Кандзінскага. Заснавальнікі галерэі пажадалі застацца невядомымі. А на пытанне пра фінансавы бок праекту, спадарыня дырэктарка адказвае, што часам матэрыяльныя каштоўнасці адыходзяць на другі план.

ЛАРЫСА БОРТНІК, ДЫРЭКТАРКА ГАЛЕРЭІ:

«Вы ведаеце, ёсць людзі, якія не спрабуюць зарабіць на мастацтве, а хочуць прапанаваць яго народу. Вось гэта настолькі высакародная ідэя, яна такая правільная, скіраваная на развіццё нацыі».

Развівацца наведнікі галерэі змогуць не толькі ў атачэнні карцінаў, але і ў кіназале, дзе будуць ісці фільмы пра мастацтва.

Іншыя тэмы: Марына Вярэніч – беларускі матэрыял на зрусіфікаванай поп-сцэне. Выстава Ігара Раманчука «Па дарозе з Берасця да Варшавы» дзее ў польскай сталіцы

Аляксандра Дорская, Сяргей Будкін, Ірына Дарафейчук

Стужка навінаў